Кітай пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне быў гатовы паставіць Расіі зброю па просьбе Пуціна
Што яму перашкодзіла гэта зрабіць?
29.05.2024 / 13:37
Размова Джо Байдэна і Сі Цзіньпіна. 18 сакавіка 2022 года. Фота: Casa Blanca vía AP
Як піша аглядальнік The Washington Post Дэвід Ігнаціус, спасылаючыся на неназванага чыноўніка, праз некалькі тыдняў пасля пачатку ўварвання ва Украіну Кітай публічна заклікаў да спынення агню, аднак Пуцін «маліў аб пастаўках зброі». І Сі гатовы быў пайсці насустрач.
Аднак Кітай змяніў свае планы пасля званка прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які папярэдзіў Сі Цзіньпіна аб тым, што Злучаныя Штаты адкажуць на такі крок. Двухгадзінная размова лідараў адбылася 18 сакавіка 2022 года.
Спасылаючыся на сваю крыніцу, выданне сцвярджае, што гэта папярэджанне выклікала гнеўную рэакцыю Сі, які ў адказ запытаўся, ці не пагражае Байдэн яму.
Пасля гэтай размовы кітайскі лідар устрымаўся ад прамых паставак зброі. У той жа час, як заяўляюць неназваныя афіцыйныя асобы ЗША, былы віцэ-прэм'ер Дзяржсавета Кітая і адзін з найбольш давераных перамоўшчыкаў з Захадам Лю Хэ быў прызначаны кантраляваць «прыхаваную дапамогу ваенным намаганням Расіі».
У сваёй калонцы аглядальнік The Washington Post адзначае, што
афіцыйныя асобы ЗША цяпер заклапочаныя тым, што Пекін, тэхнічна прытрымліваючыся свайго абяцання не пастаўляць зброю Маскве, стаў самым буйным пастаўшчыком для абароннага сектара Расіі.
Згодна са справаздачай Фонда Карнэгі, Кітай пастаўляе ў Расію 50 найменняў тавараў двайнога прызначэння. Пры гэтым іх доля ў расійскім імпарце вырасла з 32 працэнтаў у 2021 годзе да 89 у 2022-м.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у інтэрв'ю ВВС адзначыў, што хаця Кітай і працягвае ўстрымлівацца ад перадачы рэальнай зброі, яго доля складае 70% у расійскім імпарце станкоў і 90% — мікраэлектронікі.
Кітай пабудаваў і хавае ў таямніцы першы ў свеце «дронаносец»
Сі Цзіньпін прапанаваў чатыры прынцыпы ўрэгулявання ўкраінскага крызісу
Блінкен асабіста ляціць у Кітай з «апошнім кітайскім» наконт паставак Расіі