У Беларусі прадаюць чатыры кабрыялеты, ад якіх можа сарваць дах

Паглядзелі, якія кабрыялеты з вялікім аб'ёмам матора прапануе беларускі рынак.

30.05.2024 / 12:44

Арыгінальны AMG 55

Кабрыялет з самым вялікім аб'ёмам рухавіка з тых, што прадаюцца ў Беларусі, — гэта Mercedes-Benz CLK 55 AMG. Пад капотам у яго бензінавы рухавік V8 аб'ёмам 5,5 літра. Заяўлены прабег аўтамабіля — 141 тысяча кіламетраў.

Фота: av.by

Прадавец адзначае, што за ўвесь час было выпушчана ўсяго 2711 аналагічных машын. Гэты CLK — сапраўды арыгінальны AMG, а не самаробная пераробка з шыльдзікамі AMG, набытымі на «Малінаўцы».

За даволі рэдкі аўтамабіль просяць 24 тысячы даляраў. У апісанні пазначана, што Mercedes знаходзіцца ў выдатным стане і не патрабуе ўкладанняў. Зімуе кабрыялет у цёплым паркінгу, гаворыцца ў аб'яве.

Два «Мустангі» з сюрпрызамі

Сярод кабрыялетаў з вялікім аб'ёмам рухавіка таксама прадаюцца два Ford Mustang шостага пакалення. Абедзве машыны — 2019 года выпуску. Пад капотам у іх 5-літровыя рухавікі V8 магутнасцю 460 конскіх сіл. 

Фота: av.by

За чырвоны Mustang просяць 41 300 даляраў, а за белы — 65 тысяч.

Але ёсць нюанс. Па VIN-нумары, пазначаным у аб'яве да чырвонага Ford, прабіваецца Ford Mustang з базавым рухавіком 2,3 літра пад капотам. Напрыканцы 2022 года гэтую машыну прадавалі на амерыканскім аўкцыёне з пашкоджаннямі ад затаплення, а ўжо вясною 2023 года размытнілі ў Беларусі.

Фота: скрыншоты з сайта av.by і bidfax.info

Калі ў нумары кузава памылкі няма, то атрымліваецца, што адзін з двух Mustang з 5.0 V8, якія прадаюцца ў Беларусі, з'яўляецца «тапляком» са Штатаў, у які, па ўсёй бачнасці, ужо ў нас усталявалі матор аб'ёмам 5,0 замест 2,3.

Белы «Мустанг» таксама не без сюрпрызаў, хоць 5-літровы рухавік там стаіць ад завода.

Фота: скрыншот з сайта bid.cars

Кабрыялет Ford белага колеру куплялі ў Штатах з пашкоджаннямі па кузаве. Але замест арыгінальных дэталяў на машыну паставілі капот і пярэдні бампер ад зараджанай версіі Ford Mustanf Shelby GT, пад капотам у якога па заводзе стаіць не 5-літровы рухавік V8 магутнасцю 460 к.с, а 5,2 V8 на 526 конскіх сіл.

Фота: av.by

Больш за 500 коней пад капотам

Яшчэ адзін кабрыялет з 5-літровым маторам — BMW M6 2007 года выпуску з заяўленым прабегам 56 700 км. Магутнасць матора — 507 конскіх сіл. І гэта самы магутны з кабрыялетаў, якія прадаюць у нашай краіне.

Фота: av.by

Просяць за зараджаны кабрыялет ад BMW 39 900 даляраў. У апісанні да аўтамабіля пазначана, што машына мае безаварыйную гісторыю, куплялася новай у ЗША і за ўсю гісторыю мае аднаго ўласніка.

Фота: av.by

На гэтым спіс магутных кабрыялетаў з аб'ёмам рухавіка ад 5 літраў, якія прадаюць у Беларусі, заканчваецца.

Агулам у нашай краіне прадаецца каля 150 машын з адкідным дахам. 

Не толькі люксавыя аўто і свежыя малалітражкі. У Беларусь масава гоняць нават 16-гадовыя машыны з Еўропы

Nashaniva.com