Суд спыніў вытворчасць па справе аб банкруцтве кампаніі «Трайпл»
Справа аб эканамічнай неплацежаздольнасці кампаніі «Трайпл», заснаванай Юрыем Чыжом, спыненая. Але ставіць кропку ў гэтай гісторыі рана, піша партал ibMedia.
27.05.2024 / 14:07
Фота: Wikimedia.commons
У ліпені 2021 года кампанія «Трайпл» была прызнана банкрутам эканамічным судом Мінска. Суд адкрыў працэдуру санацыі для пагашэння крэдыторскай запазычанасці і аднаўлення плацежаздольнасці. У сярэдзіне мая 2024-га суд разгледзеў магчымасць спынення вытворчасці па справе пасля выканання кіраўнікам мерапрыемстваў, якія дазволілі захаваць працоўны калектыў і працягнуць фінансава-гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства.
Актывы «Трайпла» на 31 сакавіка 2024 года перавышалі памер крэдыторскай запазычанасці больш чым на 45 млн рублёў і складалі 147,2 млн рублёў. Агульны памер непагашаных патрабаванняў крэдытораў ацэньваўся ў 137,3 млн рублёў.
Кіраўнік кампаніі «Трайпл» заявіў, што даўжнік мае дастаткова маёмасці для пагашэння запазычанасці перад крэдыторамі і здольны весці гаспадарчую дзейнасць, захоўваючы працоўны калектыў. У сваю чаргу, прадстаўнікі расійскай кампаніі «СтандартІнвест», уладальнікам якой указаны сын Чыжа Уладзімір, лічылі, што справаздача кіраўніка па выніках санацыі не можа быць зацверджана судом, бо няма прыкмет аднаўлення плацежаздольнасці» Трайпла», і прасілі адкрыць у дачыненні да даўжніка ліквідацыйную вытворчасць. Але суд адмовіў у скарзе.
Яшчэ 10 гадоў таму «Трайпл» быў буйной структурай з актывамі ў 30 галінах эканомікі, але праблемы ў холдынгу пачаліся ў 2015-2016 гадах пасля канфлікту Юрыя Чыжа з партнёрамі. У пачатку 2023-га бізнэсовец атрымаў 3,5 гады пазбаўлення волі за легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і махлярства.
Але ён выйшаў на волю, бо яму залічылі ў тэрмін пакарання тое, што ён ужо адседзеў, і прымянілі амністыю. Маёмасць і грошы сузаснавальніка «Трайпла» таксама вызвалілі ад арышту, але Юрый Чыж пазбавіўся большасці актываў: частка перайшла дзяржаве, частка была прададзеная на таргах у рамках выканаўчай вытворчасці, у прыдачу валоданне некаторымі прадпрыемствамі ўмацавалася за дзецьмі і былой жонкай бізнэсоўца.
Вядома, што Юрый Чыж выкупіў кампанію ў расійскага кампазітара Віктара Дробыша, а таксама вярнуў пад сваё кіраванне галоўны актыў сям'і ў Расеі.
Рашэнне Эканамічнага суда Мінска па санацыі «Трайпла» яшчэ не ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджана. Да таго ж, спрэчкі па актывах паміж Юрыем Чыжом і яго дзецьмі, былой жонкай і некаторымі партнёрамі да канца не ўрэгуляваны.
Юрый Чыж працягвае судзіцца са сваім сынам
Чыжоўскі «Залаты грабеньчык» зноў не прадалі, хоць давалі зніжку
Сельгаскомплекс Юрыя Чыжа на Лагойшчыне перайшоў у іншыя рукі