Навукоўцы прагназуюць значны скачок працягласці жыцця да 2050 года ў Беларусі

Што паўплывае на гэта? І што зменіцца ў суседзяў?

27.05.2024 / 13:14

Вынікі даследавання, апублікаваныя ў часопісе The Lancet, прадказваюць рост глабальнай працягласці жыцця на 4,9 года для мужчын і на 4,2 года для жанчын да 2050 года.

Чакаецца, што найбольшы прырост будзе назірацца ў краінах з нізкай чаканай працягласцю жыцця. Гэта паспрыяе збліжэнню чаканай працягласці жыцця ў розных рэгіёнах.

Адзначаецца, што гэтая тэндэнцыя шмат у чым абумоўленая мерамі грамадскай аховы здароўя, якія дазволілі прадухіліць і палепшыць паказчыкі выжывальнасці пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, COVID-19 і CMNN-захворваннях (інфекцыйных, мацярынскіх, неанатальных і аліментарных).

Даследаванне паказвае, што працягваецца змяшчэнне цяжару хвароб у бок неінфекцыйных захворванняў (NCD) — такіх як сардэчна-сасудзістыя, рак, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх і дыябет. Самымі важкімі фактарамі рызыкі іх развіцця будуць атлусценне, высокі крывяны ціск, неаптымальнае харчаванне і курэнне.

Вучоныя прагназуюць, што ў будучым усё больш людзей стане жыць даўжэй, але пры гэтым больш гадоў будуць праводзіць ва ўмовах дрэннага здароўя. Згодна з прагнозамі, чаканая працягласць жыцця ў свеце павялічыцца з 73,6 года ў 2022 годзе да 78,1 года ў 2050 годзе.

Крыніца: матэрыялы артыкула

Глабальная чаканая працягласць здаровага жыцця (HALE) — сярэдняя колькасць гадоў, якія чалавек можа пражыць у добрым стане здароўя, — павялічыцца з 64,8 года у 2022 годзе да 67,4 года у 2050 годзе.

Што тычыцца Беларусі, то ў нас сярэдняя працягласць жыцця жанчын складзе 82 гады (+6,3), што больш за глабальны прагноз і для рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Пры гэтым у добрым стане здароўя (HALE) беларускія жанчыны, народжаныя ў 2050-м, змогуць дажыць да 70,9 года (+4,7 года).

А вось прагноз для мужчын выглядае не такім аптымістычным. Чакаецца, што народжаныя ў 2050 годзе мужчыны будуць жыць 73,6 года, што на 1,9 года меней за рэгіянальны паказчык і на 2,4 за глабальны.

Што тычыцца гадоў з добрым станам здароўя (HALE), то іх будзе 65,1. Прырост складзе 5,2 года, што больш за сярэдні па планеце.

Крыніца: матэрыялы артыкула

Пры гэтым прагноз агульнай працягласці жыцця і HALE як для мужчын, так і для жанчын выглядае лепшым за Расію і Украіну, але горшым за Эстонію, Літву, Латвію і Малдову.

Аўтары даследавання адзначаюць, што заўважылі тэндэнцыю на змяншэнне няроўнасці ў працягласці жыцця паміж рэгіёнамі з самым высокім і самым нізкім узроўнем даходу. Прычым найбольшы рост паказчыку чакаецца ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары.

Найбольшая магчымасць паскорыць скарачэнне глабальнага цяжару хвароб — гэта палітычныя меры, накіраваныя на прафілактыку і змякчэнне фактараў рызыкі, звязаных з ладам жыцця і харчаваннем.

Адна-дзевяць цыгарэт у дзень змяншае працягласць жыцця на чатыры гады

Навукоўцы знайшлі ў кішачніку фермент, які ўплывае на працягласць жыцця, і здолелі падоўжыць жыццё мух

Сядзячы лад жыцця скарачае яго працягласць

Антось Жупран