З-за пірацтва БТ УЕФА можа пазбавіць беларускі футбол фінансавання

Беларуская федэрацыя футбола і клубы, якія ўдзельнічаюць у еўракубках, могуць страціць фінансаванне ад УЕФА. Усё гэта праз жаданне Белтэлерадыёкампаніі скрасці трансляцыі матчаў чэмпіянату Еўропы-2024, піша «Трибуна».

26.05.2024 / 17:45

Ілюстрацыйнае фота: БФФ

У студзені 2023 года Савет Міністраў фактычна ўзаконіў у краіне пірацтва, дазволіўшы не прымяняць заканадаўства аб аўтарскіх правах у дачыненні да кантэнту, вырабленага «недружалюбнымі краінамі» і арганізацыямі, з імі звязанымі.

У пералік такіх арганізацый Мінінфарм уключыў, напрыклад, ФІФА, што дазволіла БТ без дазволу трансляваць чэмпіянат свету па пляжным футболе.

У лютым 2024-га ў спісе Мінінфарма з'явіўся і УЕФА, што намякае на жаданне Белтэлерадыёкампаніі трансляваць матчы Еўра-2024 у Германіі. Пра тое, што такія трансляцыі сапраўды плануюцца на канале «Беларусь 5», расказалі крыніцы «Трыбуны». Аднак гэта можа прывесці да праблем.

УЕФА ўступіў у перапіску з БТРК, у якой саюз абяцае абараняць сваю інтэлектуальную ўласнасць. У адказ на пірацкія трансляцыі арганізацыя пагражае санкцыямі ў дачыненні да БФФ і беларускіх клубаў.

Так, УЕФА пакідае за сабой права ў якасці меры ў адказ пазбавіць беларускіх прадстаўнікоў у еўракубках прызавых грошай. У Лізе чэмпіёнаў краіну ў новым сезоне прадставяць мінскае «Дынама», гродзенскі «Нёман», жодзінскае «Тарпеда» і «Іслач» з Мінскага раёна выступяць у Лізе канферэнцый.

Такое рашэнне УЕФА можа нанесці сур'ёзны фінансавы ўдар па клубах. У еўракубках, нават не даходзячы да групы, беларускія клубы штогод зарабляюць 1,5-2 млн еўра.

Акрамя таго, УЕФА можа пазбавіць фінансавання і Беларускую федэрацыю футбола. Пры гэтым паступленні ад саюза з'яўляюцца асноўным складнікам бюджэту БФФ, штогод федэрацыя атрымлівае ад УЕФА 10 млн еўра.

Гуам, Бутан, Макаа… Высветлілася, з кім вяла перамовы Беларуская федэрацыя футбола аб правядзенні спарынгу

«Тыя, хто купляе газ, дапамагаюць Расіі?» Прэзідэнт УЕФА патлумачыў, чаму не адхіліў зборную Беларусі

З Балгарыяй пачнем, Балгарыяй і скончым

Прэзідэнт УЕФА: Беларуская федэрацыя футбола не звязаная з рэжымам Лукашэнкі

Nashaniva.com