Увечары ў кватэрах кандыдатаў у КР ад блоку Латушкі і Руху «За свабоду» прайшлі ператрусы
Вядома пра 12 выпадкаў.
24.05.2024 / 07:14
Павел Латушка. Фота: Наша Ніва
Па месцы рэгістрацыі кандыдатаў у Каардынацыйную раду ад кааліцыі Паўла Латушкі ў Беларусі вечарам 23 мая прайшлі ператрусы, паведаміла «Позірку» яе прэс-служба.
«У гэтыя гадзіны ідуць масавыя ператрусы ў кватэрах сябраў выбарчага камітэта «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду», які прымае ўдзел на выбарах у КС дэмсіл Беларусі, і іх сваякоў. У кватэры прыходзяць супрацоўнікі КДБ, здзяйсняюць ператрусы і арышт маёмасці. Нам ужо вядома пра 12 выпадкаў», — сказалі вечарам у кааліцыі.
Там актыўнасць спецслужбаў звязваюць з тым, што «рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі баіцца альтэрнатывы — выбараў у прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл Беларусі».
21 мая Следчы камітэт завёў крымінальныя справы супраць усіх удзельнікаў выбараў у КС. Ім пагражаюць канфіскацыяй маёмасці. Фігурантамі з’яўляюцца 257 чалавек, іх абвінавачваюць паводле арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады), 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару), 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
Раней Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў усе 12 кааліцый кандыдатаў на выбары ў трэці склад Каардынацыйнай рады «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» на выбарах у КС таксама паведамляла пра затрыманні блізкіх у Беларусі 20 мая.
Азарава прымушаюць зняцца з выбараў у Каардынацыйную раду
У бацькоў Ціманоўскай праходзіць вобшук