Ці зменіцца сітуацыя з візамі і як яшчэ можна будзе караць сілавікоў, што запэцкаліся катаваннямі — расказвае Латушка

Па выніках сустрэч Паўла Латушкі з замежнымі чыноўнікамі, распыталі яго пра тое, якіх пераменаў беларусам чакаць у візавай палітыцы, ці ёсць навіны па прыцягненні сілавікоў да адказнасці за катаванні і ці адзначыць Купалаўскі наваселле ў гэтым годзе.

22.05.2024 / 13:10

Павел Латушка

Якія перспектывы развіцця візавай палітыкі Польшчы ў адносінах да беларусаў?

У мінулым годзе ў Польшчы выбухнуў візавы скандал, у тым ліку на гэта паўплывала на працу агенцтваў у Беларусі. Была заведзеная крымінальная справа за злоўжыванне выдачай віз консульскімі ўстановамі і папярэднім кіраўніцтвам МЗС Польшчы. І цяпер вядзецца глабальная праца па выпраўленні памылак, каб візавае заканадаўства выконвалася ўсімі без выключэння.

«Дырэктарка консульскага дэпартамента МЗС Юстына Хшановска праінфармавала, што ў чэрвені 2024 яны плануюць прыступіць да зменаў у візавым заканадаўстве Польшчы. Спадзяюцца, што ў жніўні ва ўрадавым рэестры будзе апублікаваны праект зменаў у закон, які рэгулюе візавую палітыку Польшчы.

Пры гэтым я атрымаў запэўніванне з боку МЗС Польшчы, што нягледзячы на дзейнасць польскага ўраду, скіраваную на ўзмацненне пытанняў знешняй бяспекі, у тым ліку на мяжы з Беларуссю, а таксама — унутранай бяспекі, дапамога грамадзянскай беларускай супольнасці застанецца нязменнай», — расказвае Павел Латушка пра вынікі сустрэчы ў консульскім дэпартаменце.

То-бок праблем з гуманітарнымі візамі для тых, каму трэба тэрмінова пакінуць Беларусь пад пагрозай арышту, быць не павінна. Тым больш, што па гэтых кірунках працуюць і іншыя службы — той жа BYSOL.

«Мы выпрацавалі даволі эфектыўную рабочую камунікацыю з МЗС і консульствамі Польшчы, у тым ліку ў трэціх краінах, каб дапамагаць беларусам, якім патрэбная эвакуацыя», — каментуе палітык.

У выпадку лёсавызначальнай патрэбы польскай візы ён раіць па магчымасці адразу звязвацца з консуламі, падрабязна абгрунтоўваючы неабходнасць атрымання гуманітарнай візы, а ў крайнім выпадку — звяртацца да асацыяцыі палітвязняў «Да волі» ці ў чат-бот НАУ.

«Мы будзем старацца даць параду ў асабліва складаных кейсах, але нашы рэсурсы абмежаваныя. Няправільна было б, каб мы сталі пасярэднікамі ў вырашэнні такіх пытанняў. Таму найперш чалавек самастойна павінен спрабаваць звярнуцца да адпаведнай службовай асобы».

На сёння палітык называе лічбу «больш за 100», расказваючы, колькім сем'ям яны дапамаглі выехаць з Беларусі разам з асацыяцыяй палітвязняў «Да волі».

А з турыстычнымі візамі прасцей не будзе?

Павел Латушка адзначае, што польскі бок працуе над тым, каб палепшыць працу візавых аператараў і цэнтраў у Беларусі.

«На маю думку, тут таксама рэсурсы абмежаваныя, і колькасць зваротаў часта не адпавядае магчымасцям установаў».

Палітык падкрэслівае, што праблемная сітуацыя з візамі — найперш, віна Лукашэнкі.

«Гэта рэжым зрабіў так, што атрыманне візаў на аснове пагаднення ЕС і Беларусі зноў ускладнілася. Рэжым Лукашэнкі выціснуў з тэрыторыі Беларусі вялікую колькасць польскіх дыпламатаў і консулаў, і гэта таксама зменшыла магчымасці для выдачы візаў.

Менавіта рэжым Лукашэнкі ажыццяўляе дзейнасць, накіраваную на тое, каб меншая колькасць беларусаў магла трапіць за мяжу. Так ці інакш мы будзем працягваць даносіць да замежных палітыкаў, што вельмі важна не закрываць беларусам магчымасць наведваць еўрапейскія краіны. Каб не ператварыць Беларусь у Паўночную Карэю і не збудаваць на мяжы Берлінскую сцяну».

А што з праграмай Poland.Business Harbour?

Выдача візаў па праграме Poland.Business Harbour для IT-спецыялістаў і бізнэсаў на сёння таксама прыпыненая ў сувязі са скандалам, звязаным з выкарыстаннем прэферэнцый не па прызначэнні.

Павел Латушка распавёў, што на сустрэчы ў консульскім дэпартаменце гэтай тэме яны надалі асаблівую ўвагу:

«Я перададаў прапановы з боку беларускіх бізнэс-асацыяцый, прадпрымальнікаў, каб аднавіць праграму. Але пакуль ідзе праверка — увогуле па візавай практыцы консульстваў і МЗС, і да яе завяршэння ніякія рашэнні не могуць быць прынятыя. Але мы звярнуліся з просьбай паскорыць вырашэнне гэтага пытання, таму што гэта ўсё ж звязана з дзейнасцю гаспадарання на тэрыторыі Польшчы суб’ектаў з беларускім капіталам».

Дадатковыя гарантыі для тых, хто мае міжнародную абарону

Асобнае пытанне тычылася беларусаў пад міжнароднай абаронай. Нават у выпадку страты дакумента за мяжой такі чалавек будзе мець усе гарантыі на іх аднаўленне і вяртанне ў краіну.

«Падчас абмеркавання ў МЗС Польшчы гэтага пытання я атрымаў наступную інфармацыю: грамадзянін Беларусі, калі ў яго скончыцца тэрмін дакумента, які пацвярджае міжнародную абарону (альбо ён яго згубіць ці сапсуе), можа звярнуцца да польскага консула ва ўсіх краінах свету для атрымання часовага дакумента на вяртанне на тэрыторыю Польшчы, які дзейнічае сем дзён», — удакладняе Павел Латушка.

А вось з візамі для сваякоў сітуацыя больш складаная: нават калі ў вас міжнародная абарона, польскае дзейснае заканадаўства патрабуе пражыць на тэрыторыі краіны не менш за пяць год, перш чым вы зможаце аформіць запрашэнне для блізкіх. Так што варта звяртацца па шэнген на агульных падставах.

Новаму адрасу прапіскі Купалаўскага быць?

Як у былога міністра культуры і дырэктара Купалаўскага тэатра мы не маглі не спытаць ў Паўла Латушкі пра лёс «Вольных Купалаўцаў» за мяжой: размовы пра ўласны будынак для трупы ішлі даўно, але пакуль акцёрам прыходзіцца туліцца дзе давядзецца. Ці ёсць тут надзея на вырашэнне сітуацыі?

«Яшчэ ў 2020-м пасля сустрэчы з міністрам культуры і віцэ-прэм’ерам Польшчы Купалаўцам прапаноўвалі і пляцоўку, і фінансаванне. Але на той момант не ўсе мелі канчатковае рашэнне па будучыні: большасць лічыла, што трэба працягваць барацьбу ўнутры краіны. Час мінуў і, зразумела, фокус таксама змяніўся, што не спрыяе вырашэнню праблемы. Але гэта не значыць, што мы ёй не займаемся. У студзені я падымаў тэму з мясцовымі ўладамі. Мы нават наведалі некалькі аб’ектаў, але, на жаль, ніводны з іх не можа быць дастасаваны да патрэб Купалаўскага.

Неўзабаве ў мяне адбудзецца сустрэча з намеснікам міністра культуры Польшчы, і там, сярод іншага, я зноў планую падняць пытанне Купалаўскага, бо ўсё ж гэта нацыянальны сімвал, эліта беларускага тэатральнага мастацтва. Плюс праз вырашэнне справы Купалаўскага мы можам адчыніць дзверы для ўсіх тэатральных калектываў, якія працуюць сёння у Польшчы.

Таксама мы шукаем спонсараў. Стараліся дапамагаць Купалаўскаму тэатру з камандай НАУ — праз Музей Вольнай Беларусі той жа, куды мы збіраем спонсарскія сродкі. І пакуль я не здамся па гэтай звышзадачы».

Яшчэ адна опцыя пакарання для беларускіх сілавікоў: заканадаўства Польшчы можа даць права выносіць завочныя прысуды

Каманда Латушкі — адны з тых, хто актыўна прасоўвае тэму пакарання датычных да катаванняў беларусаў.

«Ваенныя злачынствы, 136 тысяч ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасці ў перыяд з мая 2020 па май 2023 года — матэрыялы перадаюцца ў Міжнародны крымінальны суд. Справы ў нацыянальных юрысдыкцыях па фактах гвалту ў адносінаў да беларусаў. Што перашкаджае прыцягненню да адказнасці? На мой пункт гледжання як юрыста — нічога. Патрэбна палітычная воля. Зрабіце адзін крок», — заклікаў ён міжнародную супольнасць яшчэ год таму.

Павел Латушка падчас канферэнцыі, прысвечанай выбарам у КР, 19 мая 2024 года

Нягледзячы на тое, што ў дачыненні некаторых асобаў ужо выдадзены еўрапейскі ордар на арышт, ці не застанецца гэтае пакаранне і далей толькі на паперах?

«Я юрыст па адукацыі, мяне заўсёды вучылі таму, што права павінна быць падставай для ўсяго, — каментуе Латушка. — І дэмакратыя ў Беларусі не пераможа, пакуль не наступіць адказнасць.

З навінаў: міністр юстыцыі Польшчы Адам Боднар расказаў мне, што бліжэйшымі месяцамі ўнясе змены ў заканадаўства, якія дадуць права выносіць завочныя прысуды — тады адчыняцца дадатковыя дзверы для пакарання тых, хто катаваў і катуе беларусаў у Беларусі. Як пойдзе на справе, мы не ведаем. Мы не парламент Польшчы. Але мы працягваем падымаць беларускую тэму ўжо некалькі гадоў. І будзем працягваць, нягледзячы на тыя рызыкі і пагрозы, якія стварае нам і нашым сем’ям у адказ Лукашэнка.

За апошні час людзі, якія сочаць за маёй бяспекай, праінфармавалі, што былі ліквідаваныя дзве пагрозы ў дачыненні да мяне. Мы працягваем займацца палітыкай з рызыкай для здароўя і просім беларусаў дапамагчы нам, прагаласаваўшы на выбарах у КР. Тады мы будзем выступаць на міжнароднай арэне ад імя часткі насельніцтва. Калі не будзе падобных інстытутаў, я не бачу інструментару, якім чынам нам дабівацца забеспячэння нашых нацыянальных інтарэсаў».

Латушка расказаў, як спрабавалі вызваліць палітвязняў у абмен на допуск Беларусі да Алімпіяды

Апублікаваны мабільны дадатак для ўдзелу ў галасаванні ў Каардынацыйную раду

НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд дадатковыя дакументы, датычныя вывазу ў Беларусь украінскіх дзяцей

«Усе сродкі апраўданыя, калі хочам захаваць дом». Былы супрацоўнік калоніі ідзе ў палітыку

Nashaniva.com