Амаль дзве траціны палякаў падтрымліваюць умацаванне мяжы з Беларуссю

Даследаванне для газеты Rzeczpospolita правяла SW Research 14 і 15 мая 2024 года. У апытанні прынялі ўдзел 800 карыстальнікаў онлайн-панэлі SW Panel, і яно паказала, што ідэю прэм'ер-міністра Дональда Туска аб будаўніцтве маштабных умацаванняў на мяжы з Беларуссю падтрымліваюць дзве траціны жыхароў Польшчы

20.05.2024 / 21:17

Фота ілюстрацыйнае

На пытанне, ці павінна Польшча будаваць умацаванні (у тым ліку загароды, бункеры, акопы) на мяжы з Расіяй і Беларуссю, 64,3% рэспандэнтаў адказалі «так». Не згодныя з гэтым 16,5% апытаных, а 19,2% не змаглі вызначыцца з адказам.

Пры гэтым больш прыхільнікаў умацавання межаў сярод старэйшай узроставай катэгорыі — «так» адказалі 67,2% людзей старэйшых за 50 гадоў і толькі 53,3% людзей да 24 гадоў.

Сярод мужчын і жанчын разбежка аказалася невялікай: прыхільнікамі прапанаваных мер з'яўляюцца 66,3% мужчын і 62,6% жанчын.

18 траўня прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў, што 10 млрд злотых (каля 2,5 млрд даляраў) будуць выдзеленыя на ўзмацненне аховы ўсходняй мяжы Польшчы. Мерапрыемствы будуць уключаць будаўніцтва маштабнай сістэмы ўмацаванняў.

Польшча ўкладзе ва ўзмацненне абароны ўсходняй мяжы 2,5 млрд даляраў

У Літве памежнікам дадуць цяжкое ўзбраенне

Польшча пачала ўзводзіць электронны бар'ер на рэках на мяжы з Беларуссю

Nashaniva.com