Вярхоўны лідар Ірана Хаменеі: Спадзяемся, Бог верне прэзідэнта ў абдымкі народа

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі выказаў занепакоенасць з нагоды аварыі з верталётам з іранскім прэзідэнтам і чыноўнікамі на борце.

19.05.2024 / 20:44

Прэзідэнт Ірана Ібрахім Раісі ляціць у верталёце незадоўга да аварыі. Скрын відэа іранскага дзяржТБ

«Мы спадзяемся, што Бог верне шаноўнага прэзідэнта і яго паплечнікаў у абдымкі народа», — перадаюць словы Хаменеі іранскія медыя.

«Усе павінны маліцца за здароўе гэтай групы дзяржаўных служачых. Іранскі народ не павінен турбавацца, у працы краіны не будзе ніякіх збояў», — запэўніў ён.

Нагадаем, верталёт, на борце якога ляцеў прэзідэнт Ірана Ібрахім Раісі, трапіў у аварыю недалёка ад мяжы з Азербайджанам. 

Што з Раісі, пакуль невядома.

Як пісала агенцтва Reuters, іранскі чыноўнік, імя якога не называецца, заявіў, што жыцці Раісі і міністра замежных спраў «пад пагрозай пасля крушэння верталёта».

«Мы ўсё яшчэ спадзяемся, але інфармацыя, якая паступае з месца крушэння, выклікае вялікую занепакоенасць», — сказаў чыноўнік.

Што вядома пра аварыю з верталётам прэзідэнта Ірана

Аварыя з верталётам прэзідэнта Ірана здарылася ў далікатны момант для міжнародных адносін

Верталёт, на якім ляцеў прэзідэнт Ірана, трапіў у аварыю

Nashaniva.com