Пазняк патлумачыў, чаму не ўзначаліў пратэсты ў 2020-м: Масква кінула б велізарнейшую сілу

Палітык мяркуе, што трэба было, каб лідар ужо быў унутры Беларусі на момант выбараў. Пра гэта ён расказаў «Радыё Рацыя».

13.05.2024 / 21:37

Зянон Пазняк

Радыё Рацыя: Спадар Зянон, а калі б вы ў 2020-м годзе ўзначалілі гэты рух? Усе кажуць, што не хапіла нацыянальнага лідара, за якім бы пайшлі, хто б сказаў, што рабіць і аб'яднаў гэтае змаганне. Можа быць, усё па-іншаму скончылася б…

Зянон Пазняк: Не, гэта было немагчыма. Я думаў над гэтым. Гэта ж не тэарэтычная пастаноўка, а практычная. Што такое было? Былі выбары, так? На гэтых выбарах усе выступілі супраць Лукашэнкі. Лідара не было, выставілі вось гэтую Свету [Ціханоўскую]. Яе ніхто не ведаў. Яна ніякага паняцця пра палітыку не мела, ніякай праграмы ў яе не было, яна нічога, проста прыгожая жанчына. І гэтага дастаткова, толькі б не гэтага параноіка. І таму сапраўды, людзі выступалі супраць Лукашэнкі. А Свету сапраўды на царства. Але яна не была лідарам, яна ніхто.

Але ўсё роўна, калі б прыехаў з-за мяжы другі чалавек, які ў выбарах не ўдзельнічае і пачынае гаварыць, Масква кінула б велізарнейшую сілу.

А што, чалавек удзельнічаў у выбарах, за яе была большасць. Гэта не прывяло б да пералому. Сітуацыя была такая, што не можна было тады пераламаць.

Трэба было, каб лідар ужо быў там, а яго не было.

Не гатовыя былі людзі да такой правакацыі, прытым рэжым вычысціў так усё. Вот цяпер вычысцілі так, што нічога няма.

Рацыя Рацыя: Ніжэй плінтуса…

Зянон Пазняк: Так. І гэта істотна. Масква, маскоўская палітыка заўсёды палягала ў тым, каб панішчыць людзей. Не проста там ідэалогія, а проста забіць іх. Прынцып Сталіна: «нет человека, нет проблемы» Гэта маскоўскі прынцып. І таму яны павынішчалі, пазабівалі, павыганялі. Няма зараз нічога, у Беларусі падполле ёсць, безумоўна, але няма лідара падпольнага. Няма тутака, людзі сабраліся, ну наш полк Каліноўскага, усё гэта робіцца. Таму сітуацыя была такая, што не ўдалося б, напэўна, гэтага зрабіць, тым больш, што гэта было са спазненнем. Калі б, скажам, можна было быць у час выбараў, бо ў палітыцы адзін дзень, бывае, мае значэнне.

Але ўжо 16-га чысла, потым, паглядзіце, што яны зрабілі: 9-га выбары, 10-га выклікаюць, забіраюць Ціханоўскую, дапытваюць яе, вярбуюць і тут жа адвозяць у Літву. Дарэчы, Паўлічэнка яе адвозіў, які забіваў вось тых згаданых людзей (здаецца, Пазняк блытае экс-камандзіра брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрыя ПаўлІчэнку і кіраўніка Аператыўна-Аналітычнага цэнтра Андрэя ПаўлЮчэнку, які сапраўды ўдзельнічаў у допыце Ціханоўскай — «НН»).

Ён яе адвозіў, там было ўсё з агентурай дамоўлена і ўсё, яе вывезлі. Можна было тут сыграць у ляльку, яны яе вывезлі і пачалі ўсіх душыць. Сітуацыя такая, што гэта не паправіла б становішча. Таму што трэба было быць там, а калі прыязджаеш і кажаш, што трэба так і так, сітуацыя будзе пройгрышная. Тым больш, я шмат ведаў, што гэта такое.

Гэта маскоўская правакацыя, яна яшчэ ў лютым пачала афармляцца. Задача была забіць некалькі чалавек, тут павінен быў задзейнічаны АМАП расейскі. Павінны былі застрэліць некалькі амапаўцаў беларускіх і масавая разня павінна была быць. Вагнераўцаў прыслалі сюды. Тут якая справа? Гэтая справа пагражала ўладзе Лукашэнкі.

Трайны канфлікт быў. З аднаго боку канфлікт паміж Лукашэнкам, народам і Народным Фронтам, з другога боку, канфлікт паміж Бабарыкам і гэтым. А мы таксама разумеем, што гэтыя горшыя за Лукашэнку, бо ўжо аб'явілі, што ў Расію пойдуць, Бабарыка. Вось што атрымлівалася. Тры сілы, і яны ўсе ў канфлікце.

Так вось Лукашэнка пасадзіў Бабарыку, даў уцячы Цапкалу, Сітуацыя такая была, што калі б засталася вось гэтая асоба (Ціханоўская — «НН»), то нейкія сілы маглі б яе выкарыстаць, таму яе таксама выцягнулі адсюль. А вагнераўцаў, 30 вагнераўцаў тут у гасцініцы былі, ён іх арыштаваў і выдаў Расеі. Украінцы патрабавалі, але ён выдаў туды. Гэтыя вагнераўцы павінны былі забіць некалі чалавек. Па ходу яны забілі некалькі чалавек, Тарайкоўскага забілі, гэта не ў той сітуацыі было, яны забілі нашых людзей. А задача была, каб дэманстранты забілі іх. Для гэтага трэба зброю мець, а зброі ні ў кога не было. І гэта правакацыя не ўдалася, але Масква ўсё роўна выйграла.

Лукашэнка зразумеў, што адзіны паратунак ад народа — гэта Пуцін. І Пуцін яго ўзяў за ашыйнічак і ўсё на гэтым. І ён стаў поўнасцю падуладны Пуціну. Пуцін потым увёў войскі, фактычна акупаваў Беларусь. З Беларусі фактычна пайшлі на Кіеў, Лукашэнка стаў поўным рабом Пуціна. Ён зараз нічога не можа. Таму гэта гісторыя была такая.

Для простых людзей, якія не былі ў палітыцы, бессэнсоўна гаварыць. Яны проста не ў стане зразумець палітыку Масквы. Гэта бессэнсоўна.

Для Масквы добра зараз выкарыстоўваць розныя там боты, троляў, шмоляў, каб дурыць галаву людзям. А мы добра ведаем, што гэта такое, што было намечана, што атрымалася і што не атрымалася. З аднаго боку, не атрымалася самае горшае, але тое, што атрымалася, вельмі дрэннае.

Таму што ёсць небяспека зараз, паколькі краіна пад акупацыяй, калі яе ўцягнуць у ваенныя дзеянні, то мы можам страціць усё. Таму нам вельмі важны полк Каліноўскага, бо вельмі важна, каб выйграла Украіна, там вырашаецца ўсё.

Пазняк заявіў, што Лукашэнка павіншаваў яго з юбілеем. Як гэта было?

Ці магла б Беларусь стаць незалежнай без Пазняка?

Тры памылкі Пазняка, у выніку якіх гісторыя Беларусі пайшла так, як пайшла

«Пасля кампрамісу з камуністамі Пазняк не здолеў бы ўтрымацца на чале БНФ». Навумчык адказвае на артыкул у «НН»

Nashaniva.com