500 паездак ва Украіну: што вядома пра асуджанага за «здраду дзяржаве» столінскага электраманцёра
Высветліць асобу Аляксандра Скарахода атрымалася дзякуючы «Кіберпартызанам». Яму маглі прысудзіць ад сямі да пятнаццаці гадоў калоніі.
11.05.2024 / 18:39
Аляксандр Скараход. Фота «Кіберпартызанаў», выява на фоне kai Stachowiak/CC0 Public Domain, калаж «Нашай Нівы»
Асуджанага клічуць Аляксандр Скараход. Яму 46 гадоў. Родам мужчына з вёскі Харомск Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, там і хадзіў у школу.
Пасля скончыў каледж на электраманцёра. Згодна з базамі «Кіберпартызанаў», ён неўзабаве ўладкаваўся па спецыяльнасці ў Дэпартамент аховы МУС у Століне. Працаваў таксама электраманцёрам у прыватнай фірме.
Невядома, што адбылося пасля, але Скараход пераехаў у рабочы пасёлак Рэчыца Столінскага раёну, які знаходзіцца за шэсць кіламетраў ад мяжы з Украінай. Апошнія гады ён жыў там з жонкай і двума малымі дзецьмі — хлопчыкам і дзяўчынкай.
Аляксандр Скараход. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках
Невядома, чым Скараход яшчэ займаўся, але з чэрвеня 2018 да пачатку 2020 ён выязджаў ва Украіну 500 разоў і неўзабаве вяртаўся назад, часта па два-тры разы за суткі. Відавочна, што ён нешта вазіў праз мяжу, але ці была гэта афіцыйная праца і ў чым была сутнасць, незразумела.
Дакладная дата затрымання Аляксандра невядомая, але старонка ў Аднакласніках, якую ён актыўна вёў, перастала абнаўляцца ў кастрычніку 2021-га. Магчыма, тады яго і затрымалі. Пратэсных суполак у ягоных сацсетках мы не адшукалі, як і нейкай пратэснай актыўнасці.
Суд над Аляксандрам скончыўся 1 лютага 2024-га года. А 19 красавіка прайшла апеляцыя. Судзілі Скарахода за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК РБ). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ад сямі да пятнаццаці гадоў турмы. Прысуд невядомы, як і сутнасць абвінавачання.
«Хацела адзначыць юбілей з сям'ёй». Што вядома пра Аляксандру Каско, якой прысудзілі 10 гадоў пасля вяртання ў Беларусь
Як правільна пачысціць смартфон пры перасячэнні мяжы