Падчас пратэстаў у Пінску міліцыю перакідвалі туды верталётам МНС. Рахунак выставілі Пратасевічу

7 мая суд Мінскага раёна разгледзеў грамадзянскі пазоў пракурора ў дачыненні да Рамана Пратасевіча, Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілы. Вынікам стала накладанне гіганцкага штрафу памерам 24 559 261 рублёў (каля 7 мільёнаў даляраў). Пра тое, як налічылі такую суму, Пратасевіч расказаў у сваім ютуб-канале.

08.05.2024 / 12:05

Фота: AP Photo File

Прэміі і дапамогі супрацоўнікам МУС

Найбольш пацягнула «Ахова грамадскага парадку і забеспячэнне грамадскай бяспекі» — яна каштавала 18 564 100 рублёў.

Перадусім гэта прэміі міліцыянтам. 11 537 300 рублёў было выплачана па распараджэнні Лукашэнкі, яшчэ 7 026 800 рублёў згодна з пастановай Савета Міністраў.

Транспартныя выдаткі МУС ацаніла ў 1 404 816 рублёў. Гэта лічба — кошт паліва, патрачанага на перамяшчэнне сілавікоў. На камандзіровачныя выдаткі супрацоўнікам сышло 286 756 рублёў.

Колькі каштавалі гранаты і зарады?

Цікавым з'яўляецца пункт «затраты органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў на сродкі ўзбраення — зарады, гранаты, боепрыпасы і іншае, што былі зрасходаваны ў часе правядзення мерапрыемстваў».

На гэта сышло 328 566 рублёў (каля $133 тысяч па курсе на жнівень 2020 года).

Пашкоджанне тэхнікі і супрацоўнікаў

Пашкоджанне маёмасці (аўтатранспарту, спецтэхнікі, спецсродкаў, наручнікаў, газавых балончыкаў і гэтак далей) суд ацаніў на 93 875 рублёў.

Страхавое пакрыццё супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, якія атрымалі цялесныя пашкоджанні пры нясенні службы, пацягнула суму ў 141 514 рублёў.

Выдаткі, звязаныя з лячэннем супрацоўнікаў, якія пацярпелі падчас пратэстаў, ацэненыя ў суму 24 649 рублёў.

Колькі грошай праелі курсанты і кантрактнікі?

Харчаванне курсантаў і ваеннаслужачых тэрміновай, кантрактнай службы пры ўзмоцненым варыянце нясення службы разам з арэндай гукаўзмацняльнага абсталявання абышлося ў 313 890 рублёў.

Прэміі і кампенсацыя шкоды Міністэрству абароны

Згодна з рашэннем суда, шкода Міністэрству абароны ацэнена ў 2 151 712 рублёў.

1 443 648 рублёў з гэтай сумы — выплата прэмій па распараджэнні Лукашэнкі.

194 400 рублёў было затрачана на рамонт транспарту з усталяваннем дадатковага абсталявання (у асноўным гукаўзмацняльнай апаратуры).

Выдаткі вайсковага шпіталя

У 87 668 рублёў ацанілі выдаткі вайсковага шпіталя ў жніўні 2020 года на аказанне медыцынскай дапамогі і лячэнне. Прычым гэта не толькі лячэнне пацярпелых ваенных, але і грамадзянскіх. Бо, як патлумачылі Пратасевічу, толькі вайсковы шпіталь у некаторых выпадках мог аказаць прафесійную дапамогу.

6 803 рублі каштавала аплата працы медыкаў за ўзмацненне дзяжурных зменаў.

Харчаванне і закупка гумовых палак

101 413 рублёў сышло на арганізацыю харчавання (у тым ліку дадатковага) вайскоўцаў.

У калькуляцыю таксама ўнесеныя нейкія камандзіровачныя выдаткі ў 352 рублі.

4 954 рублі было затрачана на набыццё ПР-73 гумовых палак) для адной з вайсковых часцей у Барысаве. Усяго было закуплена 800 штук. Такім чынам, адна гумовая палка каштавала 6 рублёў 19 капеек.

Дзіўным выглядае неабходнасць кампенсаваць Міністэрству абароны кошт транспарту, які былі перададзены МУС Беларусі ў часовае карыстанне. Сума склала 312 475 рублёў.

Колькі каштаваў верталёт у Пінск і іншыя выдаткі МНС

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выставіла рахунак у 79 987 рублёў. З сумы 9740 рублёў (амаль 3 960 долараў) сышлі на «забеспячэнне дастаўкі аператыўнай групы МУС у горад Пінск» верталётам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

173 рублі каштавала забеспячэнне дастаўкі асабістага складу МУС і іншых дзяржаўных структур аўтатранспартам МНС.

«Перадыслакацыя падраздзяленняў для забеспячэння аператыўнага рэагавання на магчымыя ўскладненні аператыўнай абстаноўкі» каштавала МНС 4 513 рублёў.

Колькі каштавала ліквідацыя пратэснай сімволікі

«Супрацьдзеянне распаўсюджанню экстрэмісцкай сімволікі» (у тым ліку набыццё дадатковага абсталявання і расходных матэрыялаў) абышлося МНС у суму 65 562 рублі.

***

Пратасевіч адзначае, што каля 90% з налічанай сумы вырашана спагнаць у салідарным парадку разам з Ціханоўскім, Статкевічам, Сакавым, Паповым, Цыгановічам, Лосікам.

Акрамя гэтага Пратасевіч, Пуціла і Рудзік у салідарным парадку» павінны сплаціць 1 169 493 рублі дзяржаўнай пошліны.

Што значыць «салідарны парадак»? З каго змогуць спагнаць грошы, з тых і будуць спаганяць. Арыштуюць і прададуць маёмасць, заблакуюць рахункі. Зрэшты, у групы Ціханоўскага і так даўно ўжо забралі ўсё, што маглі. Калі ж у чалавека нічога не засталося, а ён знаходзіцца за кратамі, то будуць спісваць частку турэмнага заробку.

Паколькі з усіх пералічаных асобаў у Беларусі і на свабодзе знаходзіцца толькі Пратасевіч, то з любога яго легальнага заробку частка будзе забірацца на карысць дзяржавы.

Cуд наклаў на Пратасевіча штраф — 24,5 мільёна рублёў. Ён у шоку

Здагадайцеся, на каго адвучыўся Раман Пратасевіч

«Нават свайго гатовыя змяшаць з брудам». Пратасевіч вылез на БТ з крыўдамі на былых калег

Nashaniva.com