Кацярына Ваданосава расказала, як піла піва з Дзермантам і была з Марзалюком на курганах
Спявачка і вядучая Кацярына Ваданосава згадала, якімі былі прапагандыст і дэпутат у ранейшыя часы.
08.05.2024 / 08:52
Кацярына Ваданосава. Скрын відэа belsat_news / YouTube
Кацярына ў выпуску праграмы «Шчыра кажучы» на «Белсаце» расказала, што з Аляксеем Дзермантам у час сваёй вучобы ва ўніверсітэце ёй давялося пару разоў піць піва ў чабурэчнай, у якой абвяшчалі Беларускую Народную Рэспубліку.
«У яго былі нейкія касякі, «панбалтызм» у галаве. Цяпер у яго наадварот — еўразійства. Але тады ён мне падаваўся трошкі смешным персанажам, але даволі адукаваным»,
— кажа яна.
Ваданосава таксама прыгадала, што з дэпутатам і гісторыкам Ігарам Марзалюком ёй давялося сустракаць Дзень археолага «на нейкіх курганах пад дажджом». Тады Марзалюк ёй падаўся цікавым, дасведчаным чалавекам.
«Што з ім сталася цяпер, як ён мірыць у сваёй галаве захапленне гісторыяй, беларускую мову, якую ён паважае і любіць, і любоў адначасова да дыктатуры, да Лукашэнкі, я не ведаю. Мусіць быць нейкая мудрагелістая разьба ў гэтых шасцярэньках, каб яны з'ядналіся, што мне гэта незразумела», — дзівіцца Ваданосава.
Адносна шчырасці дэпутата і члена-карэспандэнта Акадэміі навук спявачка і тэлевядучая заўважае:
«Можа быць і шчыры, але гэта шчырасць трохі шызафрэнічная».
Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі самага адданага Лукашэнку прапагандыста
Мы еўрапейцы ці еўразійцы? Марзалюк узбаламуціў лукашысцкія тэлеграм-каналы
Аляксей Дзермант у пошуках ворагаў выйшаў на самога сябе ў маладосці