«Такой сітуацыі не было з 1977 года». Як рэзкі скачок цэн на какава-бабы адбіваецца на шакаладках у Беларусі
У «Белдзяржхарчпраме» расказалі, што робяць на фоне рэзкага росту цэн на какава-бабы ў свеце.
03.05.2024 / 11:50
Па словах намесніка кіраўніка канцэрна Аляксандра Якаўчыца, з-за рэзкага росту цэн на сыравіну для шакаладу беларуская кандытарская галіна шукае новыя краіны-імпарцёры какава-бабоў. Сусветны рост цэнаў на какаву, вядома, закране і Беларусь, піша «Спутнік».
«Мы ўжо гэта адчуваем, паколькі сітуацыі, якую мы маем, не было з 1977 года», — адзначае ён.
Тэмп росту кошту какава-бабоў у 2023-м у параўнанні з папярэднім годам склаў 60%. Чыноўнік дадаў, што на бягучы момант 2024-га рост ужо амаль двухразовы.
«Апошнія каціроўкі ўжо перавысілі 10 тысяч фунтаў за тону какава-бабоў, паўтаруся, з 1977 года такога не было».
Якаўчыц дадаў, што змены клімату не дазваляюць збіраць той ураджай, які быў раней. У Беларусі асноўнымі вытворцамі шакаладу і шакаладных вырабаў з'яўляюцца «Камунарка» і «Спартак». У сабекошце іх прадукцыі какава-бабы займаюць каля 40-43%. Таму цяпер прадпрыемствы яшчэ больш сканцэнтраваны на пытаннях аптымізацыі выдаткаў. А таксама ў галіне вельмі ўважліва падыходзяць да заключэння і суправаджэння кантрактаў, робячы акцэнт на тэрміны выканання. Трэці напрамак — перагляд краін імпарту.
«Калі традыцыйна гэта былі Гана і Кот-Д'івуар, то цяпер глядзім на Ліберыю, Камерун, Венесуэлу, Дамініканскую Рэспубліку. Так мы спрабуем знівеліраваць негатыўныя працэсы, якія непазбежна датычацца і нашых кандытараў», — пракаментаваў Якаўчыц.
Навукоўцы высветлілі, чаму свет уступае ў шакаладны крызіс
Хутка шакалад стане раскошай? Какава-бабы за год падаражалі ў пяць разоў