Двое сяброў «Народнай грамады» пісалі даносы ў КДБ. Хто яны і як тлумачаць сітуацыю?

Сярод узламанай базы зваротаў у КДБ знайшліся двое зваротаў ад людзей з «Народнай грамады», якую раней узначальваў Мікалай Статкевіч. Гэтыя даносы на Мікалая Аўтуховіча і Эдуарда Пальчыса, якія цяпер за кратамі. Запыталіся ў тых, чыімі імёнамі падпісаныя звароты, што адбылося.

02.05.2024 / 19:07

Павел Бялюцін і Вольга Цішкевіч. Фота: Youtube-канала FreeInfoBel, Facebook-старонка Вольгі Цішкевіч

Павел Бялюцін, імем якога падпісаны зварот датычна Мікалая Аўтуховіча, наводзіць туману. Даваць каментары праз інтэрнэт ён адмаўляецца. Кажа толькі, што «калі даць сапраўдную інфу, то ўсё перагорнецца». 

У даносе, падпісаным Бялюціным, напісана, што Мікола Аўтуховіч «рыхтуе і пачынае здзяйсняць узброены захоп улады ў Беларусі».

Адзначым, што сама злітая база зваротаў у КДБ сапраўдная. Гэтаму ёсць розныя пацверджанні. «Наша Ніва» звязвалася з некаторымі даносчыкамі (вось і вось), якія пісалі ў КДБ, і чые даныя былі ў базе.

Павел Бялюцін. Скрыншот з Youtube-каналу FreeInfoBel

Звесткі, якія можна атрымаць са злітых базаў беларусаў па тых даных, якія пакідалі пад зваротам, цалкам супадаюць са звесткамі Паўла Бялюціна з «Народнай грамады».

У інтэрв'ю каналу FreeInfoBel мужчына распавядаў пра свой ад'езд з Беларусі. Першы раз яго судзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» і далі два гады «хатняй хіміі» (яго сапраўды судзілі па гэтым артыкуле). Далей на Паўла, па яго словах, завялі крымінальную справу за «гвалт або пагрозу гвалту да прадстаўніка ўлады», але ён уцёк.

Паўлу Бялюціну 46 гадоў. Ён мінчук. Пра ягоны публічны актывізм да 2020-га нічога невядома. Павел мае ІП, сферай дзейнасці якога пазначаны «рознічны гандаль на рынках».

Паспрабавалі мы ўзяць каментар і ў Вольгі Цішкевіч. Яна прачытала паведамленне ў фэйсбуку, але не адказала. У каментарах іншым медыя Вольга адмаўляе тое, што пісала данос на Эдуарда Пальчыса: нібыта яна давала камп'ютар «суседу-ябацьку», які мог напісаць даносы (невядома, праўда, адкуль ён ведаў яе мэйл і тэлефонны нумар і ў чым сутнасць гэтай гісторыі). У звароце, падпісаным яе імем, напісана наступнае:

Вольга Цішкевіч. Фота з яе фэйсбуку

«У Магілёве 29 лістапада будзе праходзіць ток-шоу з Эдуардам Пальчысам, якога асудзілі за распальванне варожасці. Шоу накіраванае супраць Саюзнай дзяржавы і супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, носіць варожы характар. Прашу вас прыняць меры. З павагай, грамадзянка РБ, Вольга».

Звесткі, якія пакінулі пад зваротам у КДБ, супадаюць са звесткамі той самай Вольгі Цішкевіч з «Народнай грамады».

Згодна з базай дылераў сеткавага маркетынгу NL, гэты нумар тэлефона на 2018-ы год, калі быў зроблены зварот у КДБ, належаў ёй, як і e-mail, пакінуты пад зваротам.

Ёсць і яшчэ адзін доказ — у зліўных каналах сілавікоў тэлеграм-акаўнт, прывязаны да нумара, прыпісваўся Вользе Цішкевіч.

Вользе Цішкевіч 42 гады. Яна родам з Магілёва. Доўгі час узначальвала магілёўскае аддзяленне партыі «Народнае грамада», якой кіраваў Мікалай Статкевіч. Вольга сябравала з былым актывістам адыёзнага НОД («Народна-вызваленчы рух») Аляксеем Галавіным. Праславіўся ён тым, што прыходзіў на акцыі, якія арганізоўваў Статкевіч, і на ўсе заклікі крычаў «пайшлі на…».

Калі меркаваць па яе фэйсбук-старонцы, Вольга выехала з Беларусі ў чэрвені 2022-га, да гэтага жыла ў Беларусі, але мела і два расійскія тэлефонныя нумары (з аднаго з іх, напрыклад, яна ў чэрвені 2021-га рабіла сабе картку крамы «Ашан»).

Можа, Павел і Вольга не стукачы, а нехта іх падставіў ды падпісаўся іх звесткамі? Але тады дзіўна, што яны абое не хочуць нічога ўцямна тлумачыць публічна.

Выканаўца абавязкаў старшыні «Народнай грамады» Яўген Вільскі расказаў «Нашай Ніве», што ў партыі «ўсё добра»:

Яўген Вільскі. Фота «Радыё Рацыя»

«Мы праводзім выбарчую кампанію пад першым нумарам. Па першых заўжды і б'юць. Пра астатнія каманды ціха, але гэта не кажа, што ў іх няма чыстак. Пабачым па спісах.

Калі разбяромся, што адбылося, то дамо вынік. Дэдлайнаў мы не ставім».

У сацсетках партыі напісана, што сяброўства фігурантаў скандалу прыпыненае, выключаныя яны і са спісаў на выбары ў Каардынацыйную раду.

Апублікавалі спісы кандыдатаў у новы склад Каардынацыйнай рады

Сцяпана Латыпава здаў КДБ ягоны расійскі калега-арбарыст. Але сам спрабуе адмаўляць гэта

«Народная грамада» адрэагавала на апублічванне даносчыкаў у шэрагах партыі

Nashaniva.com