Унікальны падземны пераход у Мінску пачалі рамантаваць усяго праз чатыры месяцы пасля адкрыцця

Летась у Мінску недалёка ад станцыі метро «Усход» пабудавалі ўнікальны падземны пераход. А цяпер ён ужо пастаўлены на рамонт. Праўда, зачыняць яго не сталі: пешаходы ідуць міма мяшкоў з цэментам і штабялёў пліткі, піша Blizko.by.

27.04.2024 / 16:34

У лютым 2023 года ў Мінску пачалі будаваць унікальны падземны пераход. У чым яго ўнікальнасць? Узводзілі яго пад праспектам Незалежнасці без перакрыцця руху. Гэта значыць, капалі літаральна пад машынамі, калі яны ехалі. Работы вёў «Мінскметрабуд».

На пачатковым этапе супрацоўнікі «Мінскметрабуд» стварылі надзейны П-падобны купал над тунэлем. Яго стварылі з дапамогай гарызантальна-шнэкавага бурэння. Канструкцыя складаецца з 22-х металічных 40-метровых труб, якія запоўнілі бетонным растворам. Для яе ўзмацнення спецыялісты змантавалі 33 металічныя рамы, паставілі арматурныя каркасы, забетанавалі латок сценаў і зводу тунэлю, а фінальным акордам стала яго металаізаляцыя.

Асаблівасць пераходу яшчэ ў тым, што тут не сталі рабіць ліфт, як у іншых падземных пераходах горада, а збудавалі нахільныя пандусы — па 5 пандусаў з кожнага боку. Спуск вазка займае значны час.

Пераход адкрыўся ў канцы снежня 2023 года, прыкладна тады ж, калі Аляксандр Лукашэнка адкрываў «Першы нацыянальны гандлёвы дом».

І вось цяпер, праз усяго чатыры месяцы, перадавы падземны пераход адправілі на рамонт.

Пандусы для вазкоў перакрылі стужкамі і драўлянымі паддонамі: цяпер спусціцца па лесвіцы могуць толькі звычайныя пешаходы або, у крайнім выпадку, з роварамі. 

 

Каля ніжняй кромкі сценаў аблезла фарба.

 Уздоўж усяго пераходу ўзнялі плітку на падлозе.

На вузкай дарожцы, пакінутай для пешаходаў, плітка прыкметна «гуляе» пад нагамі. 

 Тут і там ляжаць штабелі плітак і мяшкі з цэментам ды пяском.

Рабочыя працуюць ужо некалькі дзён, паведамілі тыя, хто звычайна карыстаецца пераходам.

Між іншым, падчас адкрыцця «Першага нацыянальнага» Лукашэнка распарадзіўся распаўсюдзіць перадавы вопыт будаўніцтва такіх падземных пераходаў на ўсю краіну.

Пельмені, піца, паўэрбанкі… Якія гандлёвыя аўтаматы сёння працуюць у Мінску, а якія абяцалі, ды так і не паставілі?

Беларуская чыгунка дала парадаксальны адказ, чаму англійская мова знікла з галоўнага вакзала краіны

У тыктоку захапляюцца мінчуком, які едзе ў метро з трусікам. Але не ўсё так адназначна

Nashaniva.com