Што за блогер-мільённік Loony, які абражае беларускамоўных у сваіх відэа?

Блогер Loony (ці Дзяніс Ільін у жыцці) аўдыторыі ютуба вядомы сваімі навукова-папулярнымі ролікамі на тэматыку медыцыны і гісторыі. Але на днях ён сеў у лужыну, спрабуючы выпраўляць памылкі ў беларускамоўнай рэкламе, і праславіўся сваімі гучнымі, катэгарычнымі заявамі пра тое, што ў Беларусі ніхто не размаўляе па-беларуску.

30.04.2024 / 10:25

Loony, ён жа Дзяніс Ільін. Фота з інстаграма блогера. У перакладзе з ангельскай мовы псеўданім Loony азначае «псіх».

«Я 19 год жыў у вёсцы — ніхто не размаўляў па-беларуску. У школе было 400 чалавек — ніхто ніколі не размаўляў. Спытай там, што такое ровар — цябе нахер пашлюць. Выйдзі на вуліцы — пачуй хоць адно слова па-беларуску. Ніхто на беларускай не размаўляе», — заяўляе ён у сваім тыктоку.

Што ж гэта за вёска? Па інфармацыі «Белпол», Дзяніс Ільін нарадзіўся ў вёсцы Новыя Лукі. Яна знаходзіцца ў Жлобінскім раёне. Згодна з апошнімі адкрытымі звесткамі, там пражывае каля 670 жыхароў, працуе школа.

Новыя Лукі. Фота: glubinka.by

Вядома, што хлопец скончыў тэхналагічны каледж, нейкі час працаваў у трэсце газаэлектразварнікам. Бацька — кранаўшчык з БМЗ, а апошняе працоўнае месца маці — санітарка ў раённай бальніцы. Разам яны не жывуць, бо ў разводзе.

Да 2020 года Ільін меў сваё ІП у галіне цяслярных прац, мяняў людзям вокны. Згарнуўшы яго, больш сканцэнтраваўся на ютубе. Неаднаразова быў запрошаны ў Расію ў якасці эксперта на блогерскія сходкі.

Цяпер пражывае ў Пінску. Акрамя ютуб-каналаў, вядзе тыкток, дзе выкладвае ролікі на розныя тэмы: ад плюсаў жыцця ў Беларусі і айчыннай медыцыны да маналогаў, як ён дае рады дыягнаставанаму сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці.

Пасля яго гучных заяваў пра беларускую мову ён паспеў няслаба адгрэсці ад падпісчыкаў, але ўсіх апанентаў, якія даводзяць яму аргументы на карысць таго, што нават у апошнім перапісе роднай беларускую мову назвала 54,1% насельніцтва, ён называе «каструлягаловымі».

@loonyman12 Белорусский язык для белорусов НЕ РОДНОЙ! #белорусскийязык #мова #беларускаямова #беларусь #жизньвбеларуси ♬ оригинальный звук - LOONY

Блогер Loony прычапіўся да памылкі ў беларускамоўнай рэкламе. Але аблажаўся сам

Камуніст, даносчык са стажам, пакрыўджаны на БТ — што за блогер Жан Содзель, які набраў папулярнасці на плётках пра рускі шоубізнэс

Чым цяпер займаюцца блогеры-ябацькі, якія праславіліся ў 2020-м

Nashaniva.com