Беларускім тэлеканалам дазволілі паказваць пірацкія трансляцыі Еўра-2024

Браць ад «недружалюбных краін» і арганізацый, аказваецца, можна.

24.04.2024 / 09:26

Uefa.com

Міністэрства інфармацыі дазволіла беларускім тэлеканалам паказваць чэмпіянат Еўропы па футболе 2024 года без згоды УЕФА.

Пастановай № 6 ад 19 красавіка Мінінфарм унёс УЕФА і гэты чэмпіянат у пералік праваўладальнікаў з недружалюбных краін. Дакумент сёння афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.

У мінулым годзе ў Беларусі быў прыняты закон, які дазваляе выкарыстоўваць аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, у прыватнасці перадачы арганізацый вяшчання, без згоды праваўладальніка, калі ён адбываецца з так званых недружалюбных краін. Такі праваўладальнік павінен быць уключаны ў адпаведны пералік, правам вызначаць які ўрад надзяліла Міністэрства інфармацыі, нагадвае Reform.news.

У лютым гэтага года Мінінфарм упершыню зацвердзіў такі пералік. У яго была ўключана ФІФА і чэмпіянат свету па пляжным футболе. Спаборніцтвы прайшлі 15-25 лютага ў ААЭ. 

Фінальная стадыя чэмпіянату Еўропы па футболе 2024 года пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня ў Германіі. У ёй возьмуць удзел 24 зборныя. Зборная Беларусі ніколі не прабівалася ў чэмпіянаты свету і Еўропы.

Яшчэ ў адным топ-чэмпіянаце памерла інтрыга

Туркменскі футбольны клуб пабіў рэкорд Кнігі Гінэса, але тая чамусьці гэтага не прызнае

Жонка найлепшага футбаліста свету — 2007 развялася з ім, бо ён быў занадта ідэальны

Nashaniva.com