У Мінску прадаецца смарт-кватэра памерам 15 квадратаў. Ці то студыя, ці то кавалерка, і цана кусаецца

У Мінску, на вуліцы Альшэўскага, за $34 000 прадаецца кватэра памерам усяго 15,5 квадратнага метра. Уладальнік апісвае яе з прыстаўкай «смарт» і сцвярджае, што гэта ідэальнае жыллё для аднаго чалавека ці маладой пары, піша Onliner.by.

23.04.2024 / 15:48

Жыллё можна знайсці на першым паверсе панэлькі 1979 года. Тым не менш сам інтэр'ер выглядае вельмі нават сучасна: ламінат на падлозе, прыемнага адцення шпалеры на сценах, новая мэбля, сантэхніка і электрыка.

У асноўным пакоі атрымалася размясціць кампактную, але даволі функцыянальную кухню, абедзенную зону, канапу, якая ператвараецца ў спальнае месца. Таксама ў кватэры ёсць невялікі санвузел з душавой.

«Выдатны варыянт для пераезду па працы або для атрымання адукацыі. Таксама можна разгледзець як гатовы бізнэс (гаворка аб здачы ў арэнду)», — сказана ў аб'яве.

Onliner звязаўся з агентам, які займаецца продажам аб'екта, і даведаўся падрабязнасці.

— Першапачаткова інвестар набыў пяціпакаёвае жыллё, каб падзяліць яго на шэсць ізаляваных кватэр па 15-18 «квадратаў». Праўда, у БРТІ дазволілі зрабіць толькі тры.

Атрымалася студыя на 15 кв.м., еўрадвушка на 28 кв. м. і еўратройка на 56 кв. м. прадаюцца яны за $34 000, $54 000 і $74 000 адпаведна, — распавёў агент.

— Выглядае гэта так: з пад'езда чалавек трапляе ў тамбур, дзе знаходзяцца тры асобныя дзверы ў кватэры. У кожнай свой санвузел, кухоннае абсталяванне. Падзеленыя лічыльнікі гарачай і халоднай вады, электрычнасці, у далейшым будуць падзеленыя і рахункі, каб кожны ўласнік плаціў за сябе сам.

Пакуль што тэхпашпарт у трох кватэр адзін на ўсіх, але ў дадзены момант уласнік спрабуе яго падзяліць, каб прадаваць усе аб'екты асобна. Калі так не атрымаецца, то жыллё можна будзе купіць як долі.

— Заявак ужо вельмі шмат. Толькі за ўчора мне паступіла больш за 20 званкоў.

У Мінску прадаюць элітную кватэру з відам на плошчу Перамогі. Колькі просяць?

У цэнтры Мінска прадаецца «сталінка» з трохкутнай прыбіральняй і голымі цаглінамі ў інтэр'еры

Дорага-багата: як выглядае кватэра ў Мінску амаль за мільён даляраў

Nashaniva.com