Назвалі самыя «разумныя» гарады свету гэтага года
Міжнародны інстытут кіраўнічага развіцця (IMD) прадставіў свой рэйтынг самых «разумных» гарадоў свету. Гэтыя гарады могуць пахваліцца найбольш эфектыўным выкарыстаннем сучасных тэхналогій у розных сферах грамадскага і эканамічнага жыцця, піша Myfin.by.
22.04.2024 / 19:53
Цюрых. Фота: Wasin PUMMARIN / vecteezy.com
У даследаванні IMD за 2024 год ацэньваецца тое, як інфраструктура і тэхналогіі ў 142 населеных пунктах планеты ўплываюць на прадукцыйнасць і якасць жыцця гараджан.
На аснове апытанняў 120 жыхароў кожнага з разгляданых гарадоў структурны і тэхналагічны кампаненты ацэньваліся па пяці ключавых напрамках: здароўе і бяспека, мабільнасць, дзейнасць (забавы, мерапрыемствы і г.д.), магчымасці (вучоба, праца, бізнэс) і кіраванне.
У выніку ўжо не першы год у рэйтынгу лідзіруе швейцарскі Цюрых. Абсалютная большасць яго жыхароў задаволеныя выкарыстаннем сучасных тэхналогій у адукацыі (напрыклад, выкладаннем IT у школах) і працы (анлайн-сэрвісы для бізнэсу і г.д.), ахове здароўя, забеспячэнні бяспекі і ў іншых сферах.
Топ-10 разумных гарадоў па версіі IMD:
- Цюрых (Швейцарыя);
- Осла (Нарвегія);
- Канбера (Аўстралія);
- Жэнева (Швейцарыя);
- Сінгапур;
- Капенгаген (Данія);
- Лазана (Швейцарыя);
- Лондан (Вялікабрытанія);
- Хельсінкі (Фінляндыя);
- Абу-Дабі (ААЭ).
Адзначаецца, што гарады, якія занялі высокія месцы ў рэйтынгу, могуць пахваліцца стабільным і прадказальным сацыяльным і эканамічным асяроддзем. Таксама ў іх распрацаваныя ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне агульнай якасці жыцця грамадзян, у тым ліку азеляненне, а таксама пашырэнне магчымасцяў для правядзення культурных мерапрыемстваў і наладжвання сацыяльных сувязяў.
«У большасці гэтых гарадоў-лідараў такія намаганні спалучаюцца з інавацыйнымі стратэгіямі па прыцягненні і ўтрыманні талентаў, стымуляванні інвестыцый у абраных галінах (напрыклад, у інтарэсах устойлівага развіцця) і вырашэнні даўніх праблем, звязаных з геаграфічнай няроўнасцю і інклюзіўнасцю», — гаворыцца ў справаздачы.
У спісе не прадстаўленыя беларускія гарады, затое ў ім апынуліся некаторыя сталіцы суседніх дзяржаў, прычым іх паказчыкі палепшыліся ў параўнанні з мінулым годам.
Так, Варшава размясцілася на 38-м месцы (вышэй на 6 пазіцый), Вільня — на 47-м месцы (вышэй на 18 пазіцый), Рыга — на 59-м месцы (вышэй на 24 пазіцыі).
У топ-5 самых камфортных гарадоў Расіі ўключылі «прыфрантавы» Белгарад
Топ-15 беларускіх гарадоў, якія выміраюць хутчэй за ўсё. Лідар вас моцна здзівіць
Дзе ў Беларусі небяспечней за ўсё? Крымінальны топ гарадоў і раёнаў