Паўночнакарэйскія фірмы таемна дапамагаюць ствараць кантэнт для буйных заходніх анлайн-кінатэатраў і студый
Даследчыкі па кібербяспецы выпадкова выявілі «паўночнакарэйскі след» у буйных праектах заходняй кінаіндустрыі, асабліва ў некаторых папулярных ва ўсім свеце анімэ і мультсерыялах. У цэнтры магчымага скандалу з-за супрацоўніцтва з КНДР у абыход санкцый апынуліся такія платформы, як HBO Max, Amazon Prime і нават тэлеканал Бі-бі-сі.
22.04.2024 / 21:58
Афіцыйны постэр папулярнага амерыканскага мультсерыяла «Няўразлівы» (Invincible) і статуі былых правадыроў Паўночнай Карэі: Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра. Фоты: Amazon Prime, vecteezy. Калаж: «Наша Ніва»
Амерыканскае аналітычнае агенцтва па даследаванні Паўночнай Карэі 38 North узламала адзін з паўночнакарэйскіх хмарных сервераў і высветліла, што некалькі фірмаў і асобных спецыялістаў па дызайне і анімацыі з КНДР удзельнічалі ў стварэнні некаторых папулярных мультсерыялаў і анімэ для заходніх анлайн-кінатэатраў ды іншых рэсурсаў.
На серверы, які быў знойдзены і ўзламаны выпадкова з-за няправільна наладжанай абароны, даследчыкі выявілі канцэпт-арты, анімацыйныя схемы і іншыя файлы, датычныя такіх праектаў, як:
- Мультсерыял для дарослых «Няўразлівы» (Invincible), які выходзіць на платформе Amazon Prime і здымаецца амерыканскай кампаніяй Skybound Entertainment.
- Мультсерыял «Іяну: Дзіця Цуду» (Iyanu: Child of Wonder), які заснаваны на афрыканскіх коміксах і экранізуецца платформамі HBO Max и Cartoon Network. Праект выйдзе толькі ў гэтым годзе.
- Мультсерыял «Актанаўты» (Octonauts) ад брытанскага тэлеканала BBC CBeebies (брэнд канала Бі-бі-сі), які ствараецца кампаніяй Sony Pictures Television Kids / Silvergate Media.
І іншыя.
«Пасля ўзлому сервера мы сачылі за яго актыўнасцю на працягу месяца, і кожны дзень на ім з'яўляліся новыя масівы даных, якія змяшчалі ў сабе каментары і інструкцыі па анімацыйнай працы на кітайскай мове, а таксама пераклад гэтых інструкцый на карэйскую мову.
Апроч гэтага, таксама былі некалькі анімацыйных файлаў з інструкцыямі па рэдагаванні спецэфектаў да нейкага кітайскага фільма пра баскетбол і яшчэ некалькі невядомых відэафайлаў на рускай мове», — паведамляюць аналітыкі 38 North.
Анімацыйная схема кадра адной з серый 3-га сезона амерыканскага мультсерыяла для дарослых «Няўразлівы», якая была знойдзена на ўзламаным паўночнакарэйскім серверы. Фота: 38 North
Даследчыкі адзначаюць, што за таемным удзелам паўночнакарэйскіх спецыялістаў у стварэнні заходняга кантэнту можа стаяць «Карэйская студыя мультфільмаў імя 26 красавіка Ордэна Кім Ір Сэна» (яшчэ вядомая, як SEK Studio) — вядучая анімацыйная студыя КНДР, якая здымае прапагандысцкі кантэнт для патрэб сям'і Кімаў і нават афіцыйна ўдзельнічала ў стварэнні культавых мультфільмаў «Прынцэса Пакахонтас» і «Кароль Леў».
Паўночнакарэйская SEK Studio сапраўды працавала над міжнароднымі праектамі сумесна з буйнымі заходнімі кінастудыямі, аднак гэта доўжылася да 2016 года, калі ЗША ўвялі супраць яе санкцыі. Пазней санкцыі ўзмацніліся і пад іх сталі трапляць любыя кампаніі, якія працягваюць супрацоўніцтва з SEK Studio.
Акрамя SEK Studio, аналітыкі 38 North таксама падазраюць некалькі паўночнакарэйскіх IT-фірм, якія знаходзяцца ў кітайскіх гарадах побач з мяжой КНДР і выкарыстоўваюць VPN.
«Заходнія кінастудыі маглі даручаць некаторыя этапы стварэння праектаў кампаніям з Кітая ў якасці субпадраду. Аднак гэта магло прывесці да трапляння кантрактаў у рукі паўночнакарэйцаў, якія таксама маюць фірмы ў Кітаі. Затым гэтыя фірмы маглі перадаць кантракты напрамую SEK Studio, пра што не ведалі заказчыкі.
Няма ніводнага доказу, які сведчыць пра веданне заходніх кінастудый аб удзеле ў іх праектах паўночнакарэйцаў», — падагульнілі даследчыкі.
У той жа час, як піша агенцтва Reuters, прадстаўнікі Amazon і HBO адмовіліся каментаваць сітуацыю, а звязаныя з іх праектамі заходнія студыі, якія пагадзіліся размаўляць са СМІ, запэўнілі, што актыўна супрацоўнічаюць з праваахоўнымі органамі ЗША.
У Паўночнай Карэі ўпершыню за 67 гадоў людзі на выбарах прагаласавалі супраць
Былы куратар групы самазабойц «Сіні кіт» цяпер расказвае школьнікам пра вайну і патрыятызм