У Швецыі зацікавіліся загадкавым танкерам бізнэсоўцаў, звязаных з Лукашэнкам
Уладальнікаў нафтавага танкера Zircone раней заўважылі ў экспарце нафтапрадуктаў з Беларусі, якія трапілі пад санкцыі.
20.04.2024 / 20:41
Танкер Zircone. Фота: marinetraffic.com
Нафтавым танкерам Zircone каля берагоў шведскага вострава Готланд валодаюць расійскі алігарх і латвійскі нафтавы магнат, якія былі заўважаныя ў гандлі нафтай з Аляксандрам Лукашэнкам. Матэрыял шведскага выдання SVT пераказвае Reform.news.
Раней тэлекампанія сцвярджала, што штодня з судна перапампоўваецца паліва для расійскага ценявога флоту.
Некалькі шведскіх ведамстваў высвятляюць, ці можна спыніць аперацыю.
Паводле звестак рэсурсу, латвійская кампанія Fastbunkering з 2022 года прадала паліва больш чым 500 суднам, амаль усе яны накіроўваліся ў Расію ці з Расіі. Аперацыі адбываюцца ў моры, і многія з задзейнічаных суднаў з'яўляюцца старымі і экалагічна небяспечнымі, гаворыцца ў матэрыяле.
Уладальнікамі кампаніі, зарэгістраванай у латвійскім рэестры прадпрыемстваў, з'яўляюцца грамадзянін Латвіі Аляксей Чулец і Сяргей Пастэрс, які мае расійскае і мальтыйскае грамадзянства, сцвярджаюць аўтары.
Як піша рэсурс, яны дзесяцігоддзямі займаліся гандлем нафтай, а ў 2022 годзе журналісцкае расследаванне выявіла іх ключавую ролю ў экспарце нафтапрадуктаў з Беларусі, якія трапілі пад санкцыі.
«Мы ведаем, што неаднаразова гэтых двух бізнэсоўцаў падазравалі ў тым, што яны дзейнічалі творча, каб абысці санкцыі на нафту як з Расіі, так і з Беларусі. Таму нельга выключаць, што яны прадаюць расійскія нафтапрадукты за межамі Готланда», — заявіў журналіст Беларускага даследчага цэнтра Станіслаў Івашкевіч, які ўдзельнічаў у расследаванні.
Па выніках расследавання эстонская паліцыя бяспекі правяла ператрус на матчынай кампаніі Fastbunkering ў Таліне, NT Bunkering, што пацвердзіла газеце Äripäev пракуратура Эстоніі. Паводле звестак выдання, падазрэнні звязаныя з парушэннямі санкцый у дачыненні да расійскіх нафтапрадуктаў, у тым ліку з падробкай мытных кодаў.
Генеральны дырэктар Fastbunkering Аляксей Волкаў пацвярджае, што Аляксей Чулец і Сяргей Пастэрс валодаюць кампаніяй, але адмаўляе, што паліва, прададзенае з Zircone, мае расійскае паходжанне.
Паводле звестак SVT, некалькі шведскіх ведамстваў высвятляюць, ці можна спыніць аперацыю. Міністэрства замежных спраў Латвіі ўжо заявіла, што ў дачыненні да кампаніі будзе праведзена расследаванне.
«Мы вельмі рады, што яны правядуць расследаванне і адкінуць усе падазрэнні супраць нашай кампаніі, якія распаўсюджваюцца ў СМІ», — заявіў Волкаў.
ЗША ўвялі санкцыі супраць МЗКЦ за падтрымку ракетнай праграмы Пакістана
Беларускія вытворцы адзення квітнеюць на фоне санкцый