Выйшаў зборнік творчай спадчыны Гальяша Леўчыка
У 80-ю гадавіну смерці пісьменніка Гальяша Леўчыка (1880-1944) у Менску выйшла кніга ягоных твораў «Божая ліра». У яе ўвайшло ўсё, што ўдалося знайсці ў архівах, музеях і бібліятэках.
20.04.2024 / 13:53
Выданне стала плёнам працы літаратуразнаўцы Сяргея Чыгрына, які шмат гадоў збіраў спадчыну аднаго з самых цікавых і заўважных паэтаў першай паловы ХХ ст., паведамляе bellit.info.
Пад адной вокладкай чытачы знойдуць вершы, пераклады, прозу, казані, артыкулы і шмат рэдкіх раней невядомых здымкаў. Удзел у падрыхтоўцы кнігі ўзяў таксама даследчык Юрась Бачышча.
***
Гальяш Леўчык (1880—1944) нарадзіўся ў Слоніме. Служыў у канцылярыях з’ездаў міравых суддзяў, судовага следчага ў Слоніме. У 1904—1920 гадах працаваў чарцёжнікам у магістраце Варшавы. Пастаянна жыў у Варшаве, але лета праводзіў звычайна ў Слоніме, дзе меў свой дом.
Друкавацца Гальяш Леўчык пачаў з 1908 у «Нашай Ніве». Выдаў зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912). У 1920-я прымкнуў да рэвалюцыйна-рамантычнага кірунку заходнебеларускай паэзіі.
Быў публіцыстам, гумарыстам і сатырыкам (друкаваўся ў гумарыстычных часопісах «Авадзень», «Маланка»).
Жонка паэта была арыштавана нямецкай паліцыяй у 1942 годзе. У яе падушцы быў знойдзены польскі сцяг з арлом. Яе расстралялі на Пятралевіцкай гары каля Слоніма.
Леўчык вярнуўся ў Варшаву, каб выратаваць сваю кватэру і архіў. Але ў Варшаве яго кватэра была занята іншымі людзьмі. У акупаванай немцамі Варшаве галадаў, памёр на пачатку 1944 года.
У Бразіліі выйшла кніжка аб прыгодах дзяўчынкі з Беларусі
Выйшла фотакніга пра полк Каліноўскага, набыць можна за данат
Усё яшчэ думаеце пра Рымскую імперыю штодня? Пачытайце «Гісторыю Старажытнага Рыма» Мэры Бёрд