Падчас рэстаўрацыі старажытнай царквы ў Полацку знайшлі сенсацыйнае графіці

У красавіку падчас рэстаўрацыйных работ у Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку былі знойдзены новыя графіці. Адно з іх утрымлівае сенсацыйны надпіс, паведамляе Інстытут гісторыі НАНБ.

21.04.2024 / 10:21

Дацэнтка БДПУ імя Максіма Танка Іна Калечыц расшыфроўвае надпіс наступным чынам:

«+Праставіўся (памёр) Аўдакім месяца сакавіка ў першы дзень, па[м]ін Святога Спаса. Памяні, Госпадзі, у жыцці вечным. Майстар грэчаскай стараны».

Майстра і святара Аўдакіма, пра якога ідзе гаворка на графіці і які жыў у часы Еўфрасінні Полацкай, «можна паставіць у адзін шэраг з вядомымі імёнамі дойліда Іаана і майстра Лазара Богшы», лічаць эксперты Акадэміі навук.

Графіці было знойдзена на паўночных дзвярах храма, калі быў расчышчаны фрагмент сцяны. Памінальны запіс зроблены ў пяць радкоў памерамі 17х6,5 см.

Як тлумачаць навукоўцы, храм з’яўляецца сапраўднай «бібліятэкай» надпісаў-графіці — іх колькасць дасягнула чатырох тысяч. Яны датуюцца перыядам з XII па XIX стагоддзе.

Рэстаўрацыя Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку ўнесена ў дзяржпраграму «Культура Беларусі» на 2021—2025 гады. Толькі ў 2023 годзе на яе выдаткавалі больш за 1,6 млн рублёў. Работы павінны скончыцца ў бягучым годзе.

Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў XII стагоддзі, храм распісаны ўнікальнымі фрэскамі, якія на 90 працэнтаў захаваліся.

Старажытныя людзі на тэрыторыі Беларусі жылі больш за 400 тысяч гадоў таму

Беларускі Стоўнхэндж ці сярэднявечныя могілкі? Адметны комплекс валуноў у Бялыніцкім раёне дагэтуль тоіць загадкі

Знаходкі леташніх археалагічных раскопак на Менцы дадаюць Мінску ўзросту

Часова закрываюць Сафійскі сабор у Полацку

Nashaniva.com