У Беларусі адмянілі канцэрты Маніжы пасля яе каментара пра «Крокус»
Затрыманне меркаваных тэрарыстаў-землякоў яна назвала «публічным катаваннем».
17.04.2024 / 09:59
Маніжа. Фота: сацсеткі
Расійскую спявачку таджыкскага паходжання Маніжу пазбавілі вялікай сцэны, фестываляў і стадыёнаў пасля спачування тэрарыстам з «Крокуса». Артыстка паскардзілася, што, апроч Расіі, адмовы ідуць з Беларусі і Казахстана, піша Mash.
Хваля хейту на спявачку абрынулася з-за допіса ў інстаграме. У тэксце затрыманне меркаваных тэрарыстаў з «Крокуса», якія з'яўляюцца пераважна таджыкамі, яна назвала «публічным катаваннем».
Паводле яе, пасля гэтага падключыўся расійскі СК, грамадскія дзеячы, следам — арганізатары мерапрыемстваў. Усё вялікія канцэрты адмянілі, запэўнівае артыстка.
Паводле яе, засталіся толькі карпаратывы. Адзін каштуе 1,5 мільёна расійскіх рублёў (каля 16 тысяч даляраў).
У ходзе тэракту на канцэрце ў «Крокус Сіці Холе» ў Краснагорску пад Масквой 22 сакавіка загінулі і памерлі ад ран не менш за 145 чалавек.
На наступны дзень меркаваныя тэрарысты былі затрыманыя. Яны былі моцна збітыя, у аднаго была адрэзана частка вуха, другі настолькі збіты, што ў суд яго даставілі ў крэсле-каталцы.
Калі з'явіліся кадры затрыманых, праваабаронцы таксама назвалі гэта «дэманстратыўнымі катаваннямі» і «метадам запалохвання людзей». У некаторых абвінавачаных у тэракце ў падмаскоўным «Крокусе» былі распухлыя і ў сіняках твары, у аднаго з іх — адрэзанае вуха і выбітае вока.
Маніжа (Маніжа Хамраева-Сангін) нарадзілася ў Душанбэ ў 1991 годзе. У 1994-м сям'я падчас ваенных дзеянняў у Таджыкістане пераехала ў Маскву. У 2021 годзе Маніжа брала ўдзел у «Еўрабачанні» ў Ратэрдаме ад Расіі, дзе заняла 9-е месца.
У тэрарыстаў, што напалі на «Крокус Сіці Хол», былі ў тэлефоне фота ўкраінскіх вайскоўцаў — СК РФ
ЗША папярэджвалі Расію аб тэрарыстычным нападзе менавіта ў «Крокусе» — The Washington Post
Патрушаў: Сляды тэракту ў «Крокусе» вядуць да спецслужбаў Украіны