Міністр абароны Брытаніі не выключае перадачы Кіеву лазернай зброі
Новая лазерная зброя здатная высокадакладна і танна збіваць варожыя дроны.
12.04.2024 / 10:45
DragonFire паражае цэль. Фота: Міністэрства абароны Вялікабрытаніі
Як паведамляе The Telegraph, новая лазерная зброя, вядомая як DragonFire, можа быць пастаўлена Украіне.
Аб гэтым 11 красавіка заявіў міністр абароны Вялікабрытаніі Грант Шапс падчас наведвання лабараторыі DragonFire. Ён падкрэсліў, што імкнецца да таго, каб паскорыць працэс размяшчэння гэтай зброі на караблях і на сушы.
Па словах Шапса, Вялікабрытанія плануе ўключыць DragonFire у свой арсенал да 2027 года. У той жа час вядуцца працы над тым, каб адправіць прататыпы гэтай зброі ва Украіну раней, нават калі яны не будуць дапрацаваны на 100 працэнтаў.
«Цяпер у Еўропе адбываецца жывы канфлікт, для вырашэння якога ў нас ёсць унікальная сучасная зброя, якая можа аказацца каштоўнай. Скажам так, яна не абавязкова павінна быць на 100 працэнтаў ідэальнай, каб украінцы, магчыма, атрымалі яе», — цытуе словы Шапса выданне.
Сістэма DragonFire. Фота: Міністэрства абароны Вялікабрытаніі
Як мы раней пісалі, далёкасць дзеяння DragonFire засакрэчаная, але гэта зброя прамой бачнасці і можа паразіць любую бачную цэль. Яе дакладнасць эквівалентная траплянню ў манету (23 мм) з адлегласці кіламетр.
Да таго ж выкарыстанне DragonFire вельмі таннае — кошт стрэлу складае менш за 10 фунтаў стэрлінгаў. Менавіта гэтая апошняя адметнасць робіць лазерную зброю вельмі жаданай практычна для кожнай арміі свету.
Украіна ўжо сёння можа атрымаць ад ЗША высокадакладныя кіраваныя бомбы GLSDB — Politico
«Анка» — новая суперзброя Турцыі
Ва Украіне ўпершыню выкарысталі «гібрыдную» сістэму СПА FrankenSAM