Spotify зладзіў для супрацоўнікаў раскошны карпаратыў, а затым адным махам скараціў 1500 з іх
Не пашкадавалі нават тых, хто ўдзельнічаў у арганізацыі самога карпаратыву. У чым прычына такога кроку?
11.04.2024 / 19:13
Вядомая брытанская спявачка RAYE выступае на карпаратыве ў рамках штогадовай маркетынгавай кампаніі ад Spotify пад назвай Wrapped, 2023. Фота: Antony Jones / Stringer / Getty Images
Як піша выданне Business Insider, у лістападзе 2023 года Spotify у рамках сваёй штогадовай маркетынгавай кампаніі Wrapped зладзіў для супрацоўнікаў і некаторых карыстальнікаў раскошны карпаратыў у Лондане, запрасіўшы туды вядомых спевакоў і іншых знакамітасцяў.
Аднак ужо праз чатыры дні кампанія скараціла адразу 1500 сваіх супрацоўнікаў, закрануўшы нават тых, хто адказваў за арганізацыю Wrapped і самога карпаратыву.
«Разумею, што для многіх такое скарачэнне будзе вельмі дзіўным, улічваючы нядаўнюю справаздачу пра высокія даходы і добрыя паказчыкі. Але ўсё гэта робіцца дзеля эканоміі і павелічэння эфектыўнасці працы», — напісаў генеральны дырэктар Spotify Дэніэл Эк у службовым лісце да супрацоўнікаў.
Гэты довад, аднак, не змог знайсці разумення ў шматлікіх звольненых, чым некаторыя з іх падзяліліся з Business Insider. Па іх словах, галоўным фактарам незадаволенасці ўсё яшчэ застаецца той факт, што, нягледзячы на масавыя скарачэнні і заклікі ашчаджаць, Spotify працягвае ладзіць дарагія і раскошныя мерапрыемствы.
«Spotify, безумоўна, займаецца забаўляльным бізнэсам, таму пэўная колькасць экстравагантных мерапрыемстваў з'яўляецца часткай брэнда. Але выдаткі на іх вельмі вялікія і не заўсёды вяжуцца з заклікамі быць эканомнымі.
Вось, напрыклад, ёсць так званыя «ўступныя дні», у рамках якіх новых супрацоўнікаў з усяго свету за кошт кампаніі адпраўляюць у шведскую штаб-кватэру і размяшчаюць на 3-5 дзён у гатэлі з поўным харчаваннем, каб яны проста размаўлялі паміж сабой, слухалі спікераў і менеджараў, а затым удзельнічалі пад канец у спецыяльнай вечарынцы. Гэта проста дурное марнаванне грошай», — адзначаюць у каментарах да Business Insider некалькі былых і дзейных супрацоўнікаў Spotify.
Адзін з іх дадаў, што нядаўна працаваў у бухгалтэрыі Spotify і разам з калегамі ўзняў перад кіраўніцтвам пытанне аб неабходнасці аптымізацыі выдаткаў на розныя мерапрыемствы, «але засцярогі супрацоўнікаў былі адхіленыя».
Сам Spotify, у сваю чаргу, адмовіўся каментаваць Business Insider сітуацыю са скарачэннямі і адказваць на прэтэнзіі былых і дзейных супрацоўнікаў. Кампанія таксама адмовілася раскрываць, колькі менавіта грошай яна выдаткоўвае на арганізацыю розных забаўляльных мерапрыемстваў.
Чытайце таксама:
«Яндэкс Музыка» заблакавала старонку шалёна папулярнага беларускага выканаўцы Ap$ent
TikTok вызначыўся з назвай новай сацсеткі, што мае стаць канкурэнтам інстаграму
Якія аўдыякнігі слухаюць беларусы? Найпапулярнае з Audiobooks.by