«Буслік» адляцеў: усе крамы калісьці найбуйнейшай сеткі закрыліся

У мінулым годзе закрыліся 18 крам сеткі дзіцячых тавараў «Буслік», у 2024-м яшчэ працавалі каля 20 гандлёвых пунктаў. Але цяпер яны ўсе, як вынікае з гандлёвага рэестра, закрытыя, піша Sputnik.

05.04.2024 / 16:47

Фота: Яндэкс-карты

Інтэрнэт-крама «Бусліка» таксама недаступная: пры спробе ўваходу з'яўляецца плашка аб тэхнічных работах.

Сетка «Буслік» была заснаваная беларускім бізнэсменам Сяргеем Місячэнкам, паступова яна стала найбуйнейшай у Беларусі ў сегменце дзіцячых тавараў. Але ў 2023 годзе ў сетцы пачаліся праблемы, яе выручка падала цягам усяго года.

У I квартале аператар сеткі, кампанія «ДПМ», зменшыў выручку да аналагічнага перыяду 2022-га на 13,6%, у II квартале — на 12%. А за III квартал выручка сеткі ў афлайне знізілася на 27,5%, а ў анлайне — на 64%.

У кастрычніку польскі інвестар сеткі, кампанія CDRL, паведаміў пра «страту кантролю» над даччынай кампаніяй у Беларусі і пагрозу яе банкруцтва. У CDRL таксама заявілі пра спісанне пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці сеткі ў памеры 1,7 млн злотых (больш за 400 тыс. даляраў) і прыпыненні далейшых паставак тавараў у Беларусь.

У дзяржрэестры пакуль няма інфармацыі пра пачатак ліквідацыі або працэдуры банкруцтва юрыдычнай асобы. Месца «Бусліка» на беларускім рынку заняла сетка «Дзетмір» — «дачка» расійскага «Детского мира».

Чытайце таксама:

Засталася толькі кожная трэцяя крама «Буслік»

Што адбываецца з «Буслікам»? Беларускія сеткі з'ядаюць расіяне

Стала вядома, што будзе на месцы «Кароны» на Інстытуце культуры ў Мінску

Стала вядома, дзе ў Мінску адкрыецца крама брэнда «Лэтуаль»

Nashaniva.com