Эканоміка44

Што адбываецца з «Буслікам»? Беларускія сеткі з'ядаюць расіяне

Нядаўна польскія ўласнікі беларускай сеткі «Буслік» паведамілі пра крытычнае становішча. Кампаніі ўдалося дамовіцца з банкам, але далейшае выжыванне базуецца на спадзяванні на цуд. Выглядае, што гэта не апошняя ахвяра 713-га ўказа.

Фота: інстаграм «Бусліка»

26 кастрычніка польская кампанія CDRL, якой належыць 90% у беларускім ТАА «ДПМ» і якая кіруе крамамі пад брэндам «Буслік», выпусціла справаздачу. Там сярод іншага паведамлялася, што Альфа-Банк даў ТАА «ДПМ» 10 сутак на пагашэнне валютнага крэдыту 3,95 мільёна даляраў з правам забраць маёмасць кампаніі ў залік доўгу. 

Такім чынам банк спрабаваў гарантаваць сабе першае месца ў чарзе крэдытораў, угледзеўшы прыкметы неплацежаздольнасці «Бусліка»: падзенне выручкі ад анлайн-гандлю на 44,5%, а таксама падзенне выручкі на 18% у афлайн-гандлі супраць паказчыкаў на год раней. 

Палякі канстатавалі, што на фоне эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў і нявыгадных курсавых розніц ім застаецца спісаць дэбіторскія запазычанасці і кошт акцый сваёй даччынай кампаніі ў страты.

Прайшоў месяц, «Буслік» яшчэ жывы. Што адбываецца з кампаніяй?

Па інфармацыі «Нашай Нівы», Альфа-Банк даў ТАА «ДПМ» адтэрміноўку 4 месяцы. «Буслік» яшчэ троху працягне. Але з нюансамі і разлікам на цуд. 

Кампанія напалову скарачае свае плошчы ў Беларусі — пад нож ідуць стратныя ці найменш прыбытковыя крамы разам з персаналам у спробе скараціць свае аперацыйныя выдаткі. 

Дагэтуль у «Бусліка» было 40 крам па ўсёй краіне. Зараз добра калі застанецца 20, кажуць крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. 

Асноўныя праблемы кампаніі, па словах былых супрацоўнікаў «Бусліка», якія пагаварылі з «Нашай Нівай», пачаліся год таму — пасля прыняцця сумнавядомага Указа №713 аб абмежаванні нацэнак на тавары. 

Запасу трываласці «Бусліку» хапіла, каб працягнуць год. 

«Калі палякі куплялі «Буслік» у 2018-м, яны куплялі лідара рынку, у які да іх інвеставаў ЕБРР (Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця). Усё ішло добра, але нядоўга: абвал рубля, вайна, 713-ты ўказ.

Калі CDRL яшчэ неяк пагадзілася застацца ў Беларусі пасля пачатку вайны, змірыўшыся і з рэпутацыйнымі рызыкамі, і з падзеннем прыбыткаў на фоне курсавых розніц, то 713-ты ўказ робіць далейшую прысутнасць практычна немэтазгоднай. 

Ты не можаш прадаваць выгадна. А нівеляваць падзенне выручкі колькасцю прададзенага таксама не можаш, таму што, каб пашырацца, патрэбна інвеставаць. А які дурань будзе сёння на іх месцы інвеставаць у Беларусь? Яны лепш у яшчэ адзін заводзік у Польшчы ўкладуцца, чым засунуць грошы ў Беларусь», — сказаў нам былы супрацоўнік «Бусліка». 

Суразмоўцы звяртаюць увагу, што, нягледзячы на часовую палёгку, кампанія знаходзіцца, кажучы альпінісцкай тэрміналогіяй, у «зоне смерці». 

«Гэта як у гарах, дзе ёсць вышыня, пасля якой адаптацыя ўжо немагчымая, і арганізм у кожным разе загіне, але колькі пратрымаецца — залежыць ад рэсурсу.

Сёння многія бізнэсы ў «зоне смерці», і на гадавіну прыняцця 713-га ўказа мы пахавалі «Востраў чысціні» і, вось, «Буслік». І многіх яшчэ пахаваем, бо сітуацыя ва ўсіх тых, хто фарміруе цану ў Беларусі, аднолькавая. 

Як я разумею, кіраўніцтва кампаніі спадзяецца, што іхняга рэсурсу хопіць дажыць да адмены ці, у нейкай форме, змены 713-га ўказа. І ўдаўка паслабее, ізноў пойдуць грошы». 

«На цуд спадзяюцца ўсе, але ўсур'ёз ніхто яго ў бізнэс-планы не закладае», — кажа іншы суразмоўца «Нашай Нівы».

Рэальнасць у тым, што са смерцю «Бусліка» для спажыўца мала што зменіцца, проста яго месца канчаткова зоймуць рускія. Сітуацыю заўважаць толькі клеркі, праз якіх праходзяць лічбы падатковых паступленняў. Таму што

«Дзіцячы свет» і «Вайлдберыз», якія працуюць у той жа нішы, фарміруюць і пакідаюць прыбыткі не ў Беларусі — у адрозненне ад «Бусліка». З 713-м указам атрымліваецца, што свае павыміраюць, а манаполія ў частцы рытэйлу, як мінімум дзіцячых тавараў у Беларусі, узнікне ў рускіх», — дадаў наш суразмоўца. 

Апытаны «Нашай Нівай» супрацоўнік банкаўскага сектара патлумачыў розніцу мадэляў «Бусліка» і асноўных канкурэнтаў — расійскага «Дзіцячага свету» і «Вайлдберыз». 

«Трэба разумець увесь ланцужок. Расіяне маюць магчымасць фарміраваць цану на сваіх матчыных кампаніях у Расіі, дзе няма абмежаванняў, а потым пастаўляць тавары сваім дочкам у Беларусь, дзе прадаюць тавар ужо з дазволенай нацэнкай. Трэба разумець, што яны зарабляюць не на гэтай нацэнцы, а на разліку паміж сваімі кампаніямі.

А нават калі нашы органы возьмуць і задумаюцца, каму яны тут расчышчаюць дарогу і як так атрымліваецца, што рускія рубяць бабло ў абыход 713-га ўказа, то выявіцца рэч яшчэ цікавейшая — што цану тыя сфарміравалі і пакінулі яшчэ на сваіх пракладках у Кітаі, з якіх адгружаюць сабе ў Расію, а потым у Беларусь. 

І наколькі прыбытковай у лічбах будзе іх беларуская дачка, па сутнасці, іх хвалюе менш за ўсё.

Але фармальна ўсё выглядае класна: і «Дзіцячы свет», і «Вайлдберыз» — узорныя выканаўцы ўказаў Саўміна, і абіваць ганкі адміністрацый, пісаць лісты, прасіць памяняць заканадаўства, як цяпер гэта робіць Місячэнка (Сяргей Місячэнка — стваральнік і кіраўнік «Бусліка», якому належыць 10% акцый. — НН) яны не будуць», — сказаў нам адзін з беларускіх банкіраў. 

Чаму б такімі ж схемамі не займацца і «Бусліку»? Нашы суразмоўцы лічаць, што гэта нерэальна. 

«Не ўсё, што прадаецца ў «Бусліку», прадаюць палякі. Яны разглядалі сваю беларускую інвестыцыю як канал продажу ўласнага брэнду дзіцячага адзення і абутку Coccodrillo. Але «Буслік» прадае не толькі гэта. Добра, калі доля непасрэдна польскіх тавараў у наменклатуры сеткі сягала 15%. Цяпер пастаўляць свае тавары палякі ўвогуле адмовіліся. 

Іншыя тавары закупляюцца ў іншых пастаўшчыкоў, і пра гэтыя цэны ў «Бусліка» пытаюцца органы, бо з яе яны робяць нацэнку», — кажа суразмоўцы. 

На думку былога супрацоўніка «Бусліка», «у CDRL вялікі бізнэс. Чым ствараць мутныя схемы праз Расію і Кітай, ім прасцей забыць пра беларускую гісторыю і спісаць яе. Што яны і зрабілі, уласна». 

Чаму Альфа-Банк пайшоў на саступкі «Бусліку» і што з гэтага атрымлівае, невядома. 

На момант выстаўлення патрабавання 10-дзённага пагашэння крэдыту ў мінскіх бізнэс-колах меркавалі, што Альфа-Банк, карыстаючыся тэрмінальнай стадыяй кліента, вырашыў згуляць сваю гульню і перапрадаць «Дзіцячаму свету» свайго даўжніка даражэй, не дапусціўшы прамога выкупу расіянамі. 

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», падтрымайце нас капейкай праз Патрэон па спасылцы ніжэй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Калі б беларускія...
    28.11.2023
    Ай, буслік - такое ж рускамірнае смецце. Здаецца, Случак з імі перапісваўся, ці нешта падобнае было. 
  • Мх
    29.11.2023
    З 90-х мяне ставіла ў ступар тое, што напрыклад нямецкія тавары везлі (праз Беларусь, дарэчы), спачатку "у Маскву", і толькі пасля гэтага ў Менск. "Лагістыка" не засмучала нікога. Ну цяпер  усё аддалі "рускаму свету".
  • No
    29.11.2023
    «Дзіцячы свет» і «Вайлдберыз», якія працуюць у той жа нішы, фарміруюць і
    пакідаюць прыбыткі не ў Беларусі — у адрозненне ад «Бусліка».
    -------
    Геніі бедарускай луканомікі

Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА6

Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Аўстрыйскі палітолаг спрагназаваў, што пачатку вайны Расіі з НАТА можа папярэднічаць паўстанне палякаў у Беларусі. А чаму не бунт рэптылоідаў?10

«Мае аксэсуары прыносяць поспех, упэўненасць у сабе і грошы». Спявачка Галіна Шышкова стала дызайнеркай5

«Аказваецца, і на тым баку ёсць людзі». Маці Івана Падрэза ўсё ж не высяляюць6

Па Мсціслаўскім раёне пранёсся моцны ўраган

У Беларусі ўжо +37,5°С. У сервісе дастаўкі прадуктаў знікла папулярная мінеральная вада1

51 нобелеўскі лаўрэат заклікаў неадкладна спыніць вайну ва Украіне і канфлікт у сектары Газа13

У гонар беларускага байца назвалі вуліцу ва ўкраінскім Канатопе1

Буданаў пра пагрозу наступу РФ з поўначы: Катастрофы няма, але не бачыць праблем не атрымаецца2

Заўтра ў Беларусі будзе да +35°С, але ў Мінску «ўсяго» +30°С3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА6

Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →