Пальчык супраць Пальчыка. Настаўніка фізкультуры асудзілі за «абразлівы» каментар

Стала вядома, што ў судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 сакавіка 2024 года паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) асудзілі настаўніка фізкультуры школы ў Крупках Яўгена Пальчыка, піша «Вясна».

02.04.2024 / 21:33

Суд Маскоўскага раёна Мінска. Ілюстрацыйнае фота.

Суддзя Наталля Варакса пастанавіла асудзіць мужчыну на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»).

Акрамя таго, Яўген Пальчык мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (4000 рублёў). Таксама мужчыну абавязалі кампенсаваць маральную шкоду пацярпеламу ў памеры 1000 рублёў і дзяржпошліну — 120 рублёў. Урэшце, у яго прымусова забралі тэлефон, які нібыта з'яўляецца рэчавым доказам «злачынства».

Да суда Яўген знаходзіўся пад вартай: яго вызвалілі пасля абвяшчэння прысуду.

Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён пакінуў каментар у Telegram, які нібыта ўтрымліваў «негатыўную ацэнку прадстаўніка ўлады» — былога начальніка папраўчай калоніі №1 у Наваполацку Андрэя Пальчыка.

Яўген Пальчык прызнаў сваю віну. Ён расказаў, што знаходзіўся дома, калі размясціў пад фотаздымкам Андрэя Пальчыка зневажальны каментар. Мужчына патлумачыў, што пакінуў каментар, бо пад фота было напісана, што былы начальнік калоніі злоўжывае паўнамоцтвамі. Аднак пасля ён сказаў, што запісаў відэазварот, у якім выбачыўся перад «пацярпелым».

Чытайце таксама:

Удзельніку пратэстаў у Баранавічах далі 25 гадоў асобага рэжыму. Але ёсць нюанс

Сталі вядомыя прысуды 8 з 17 чалавек, якіх учора судзілі ў Баранавічах за пратэсты 2020 года

51-гадоваму айцішніку з Мінска пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты

Nashaniva.com