Франак Вячорка прапануе прадаць свой гадзіннік за $5 тысяч праз дабрачынны аўкцыён
Дарадца Святланы Ціханоўскай адрэагаваў на скандал у сацсетках.
02.04.2024 / 09:21
Франак Вячорка запэўнівае, што ў тым факце, што невядомы бізнэсмен падарыў яму дарагі гадзіннік, няма карупцыйнага складніку. «Гэта было яшчэ да таго, як з’явіліся ўсе офісы і кабінеты. Чалавек [, які дарыў,] не жыве ў Беларусі, не вядзе там бізнэсу, і ніяк гэта не звязана з лабіраваннем інтарэсаў», — напісаў ён у каментарах у фэйсбуку.
«Мне гадзіннік 100 год не патрэбны, ён моцна ўжываны, і наўрад ці яго ўдасца камусьці прадаць», — разважае Франак Вячорка.
Тым не менш пасля розгаласу ён падумвае прадаць гадзіннік праз аўкцыён. «Дадатковую вартасць ён сапраўды атрымаў, то я высветлю ў таго чалавека (які ўжо, мабыць, сам шкадуе праз гэтую недарэчную сітуацыю), ці не супраць ён, каб зрабіць нейкі аўкцыён на патрэбы ваяроў ці палітвязняў».
Нагадаем, што ў эфіры «Белсата» Вячорка расказаў пра свой гадзіннік Omega Seamaster Planet Ocean коштам 5-9 тысяч даляраў:
«Мне яго падараваў чалавек, які вельмі шмат спрычыніўся да беларускай справы. Займаўся і да 2020 года, і пасля 2020-га адраджэннем беларускіх мясцінаў. Многія яго ведаюць таксама. Ну ён, напэўна, пабачыўшы, што ў мяне няма гадзінніка, проста зняў свой з рукі і сказаў: вось табе, каб хутчэй вярнуцца ў Беларусь».
Чытайце таксама:
Вячорка расказаў, што Офіс Ціханоўскай можа прапанаваць беларусам унутры краіны
Франак Вячорка: Пратасевіч зламаны, ён пад кантролем і не можа выехаць з Беларусі