Разбурана практычна ўся энергетычная інфраструктура, але ніхто не апускае рукі — мэр Харкава
Сёння ў Харкаве разбурана практычна ўся крытычная энергетычная інфраструктура, больш за 150 тысяч харкаўчан засталіся без даху над галавой, але Харкаў не здаецца, распавёў мэр горада Ігар Церахаў у інтэрв'ю LIGA.net.
01.04.2024 / 13:11
Ігар Церахаў. Фота: Ihor Terekhov / Facebook
«Эвакуацыя ідзе з вобласці, дзе працягваюцца баявыя дзеянні. І гэтыя людзі едуць у Харкаў. Цяпер у горадзе — 1,3 млн жыхароў. Пакуль ні мы, ні вайскоўцы не бачым падстаў для эвакуацыі з Харкава. Гэта частка расійскіх ІПСА, каб запалохаць і прымусіць нервавацца гараджан», — кажа Церахаў.
Ён гаворыць, што Расія зараз выкарыстоўвае супраць Харкава новую зброю — снарады большага радыусу дзеяння, але самі акупанты бліжэй да горада не падышлі. Пераважна расіяне бʼюць па Харкаве з Белгарада і вобласці. С-300, па словах Церахава, далятае да Харкава за 40 секунд. Таксама прылятаюць «шахеды», якіх раней не было.
«Я не ведаю, які план у ворага. Ужо разбурана практычна ўся крытычная энергетычная інфраструктура, прыватная таксама разбіта. Расія хоча нас запалохаць, але гэта немагчыма. За два гады мы бачылі розныя ўзроўні пагроз, пачынаючы з ДРГ у самім Харкаве. Былі часы, калі з практычна двухмільённага горада заставалася 300 000. Сітуацыя для энергетычнай галіны вельмі цяжкая», — кажа ён і дадае, што нягледзячы на гэта, «ніхто не апускае рукі».
«Панікі ў горадзе няма. Запалохванні Расіі не працуюць — людзі згуртаваныя. Харкаў — гэта фарпост Украіны. І мы выдатна гэта разумеем«», — падсумаваў Церахаў.
Раней выданне «Медуза», са спасылкай на крыніцы, пісала, што расіяне паспрабуюць захапіць Харкаў і паступова так скончыць вайну.
Чытайце таксама:
Што за забягалаўка з беларускай кухняй, дзе пад ногі кліентаў паклалі сцягі Украіны, Польшчы і ЗША?