Трываў два гады: мінчук праз суд усё ж такі прымусіў суседзяў зняць шумны кандыцыянер
Мужчына падаў больш за 200 зваротаў у розныя інстанцыі. Суседзі таксама не адступалі, змагаючыся да апошняй апеляцыі, піша Tochka.by.
19.03.2024 / 16:28
Фота: Tochka.by
Дзмітрый усё ж такі дамогся свайго — і цяпер можа жыць у камфорце.
Яму замінаў суседскі кандыцыянер: шум, вібрацыі па сцяне. Два гады мужчына судзіўся, быў на мяжы фізічнага знясілення. І вось гісторыя скончылася.
Гульня на знясіленне
Канфлікт пачаўся летам 2022 года. Месца дзеяння — Мінск, шматпавярховік на вуліцы Чыгуначнай.
Тут жыў і пакутаваў Дзмітрый. Кандыцыянер на лоджыі сумежнай кватэры не даваў яму спаць — дакучалі шум і вібрацыя па газасілікатных сценах.
Фота: Tochka.by
Асабліва раздражняў кандыцыянер летам, калі даводзілася начаваць з адкрытым акном. Дзмітрый дайшоў да мяжы знясілення — яго вага ўпала да 38 кг.
Суседзі настойвалі на тым, што кліматычную ўстаноўку размясцілі па ўсіх правілах, пераносіць яе не стануць. Маўляў, свежы рамонт, месца ўстаноўкі ўзгаднілі — па дакументах усё ў парадку. І нават кандэнсат паслужліва адвялі.
Дзмітрый прапанаваў пакрыць выдаткі пераносу канструкцыі за свой кошт. Суседзі адмовіліся. Пайшлі доўгія разборкі ў судах. Экспертызы не раз замяралі ўзровень шуму.
Шчаслівы канец
І толькі ў пачатку сакавіка 2024 года гісторыя скончылася хэпі-эндам для Дзмітрыя. Суседзі апынуліся не менш моцныя, змагаліся да апошняй апеляцыі. Суд яе адхіліў.
Фота: Tochka.by
Рашэнне суда ўступіла ў сілу — кандыцыянер суседзі абавязаны зняць. Не выканаюць самі — прыйдуць з органаў прымусовага выканання.
Дзмітрый пакуль жыве ў іншай арандаванай кватэры. Зняў яе, каб выспацца, пакуль ішлі судовыя цяжбы. Чакае дэмантажу шумнага кандыцыянера і пераезду на ранейшую, але таксама здымную кватэру.
Фота: Tochka.by
Як патлумачыў мужчына, у яго ёсць дамоўленасць з уладальнікам на выкуп нерухомасці. Ён плануе тут жыць доўга, таму так апантана і змагаўся за свой акустычны камфорт.
Чытайце таксама: