«У Парыж разам з каханым». Што напісала ў сваім дзённіку Ліза, забітая ў Варшаве
Сёння ў Варшаве пахавалі забітую і згвалтаваную беларуску. Перад тым, як белая труна з Лізай Герцэн пад кветкавым дываном апусцілася ў зямлю, на варшаўскіх Паўночных могілках згадалі біяграфію дзяўчыны: якім было яе дзяцінства, як яны пазнаёміліся з хлопцам Данілам і пра што яна пісала ў сваім дзённіку.
14.03.2024 / 20:54
Дзяцінства Лізы не было простым: разам з братам Артурам яны раслі ў доме, поўным канфліктаў, гвалту, без стабільнасці. У ім «дарослыя не давалі рады сваім абавязкам».
У горшыя моманты яны падтрымлівалі адно аднаго тым, што сядалі піць разам гарбату і марылі пра сваю ідэальную будучыню: «з лядоўняй, поўнай смачных прадуктаў, з каханымі побач, з утульнымі, чыстымі дамамі, поўнымі раслін на падаконніках».
Свае мары Ліза шмат у чым змагла рэалізаваць з Данілам, украінцам, з якім яна пазнаёмілася пасля эміграцыі ў Польшчу.
Як яны пазнаёміліся?
Была восень 2020 года, кавідны час. Усе публічныя месцы, у тым ліку трэнажорныя залы, былі зачыненыя. Таму Даніла займаўся спортам у сваім пакоі, які здымаў на першым паверсе шматпавярховіка, і ўбачыў Лізу — суседку, што жыла вышэй. Яна запаліла цыгарэту. Даніла згадвае, што гэта яму не спадабалася, але яму спадабалася Ліза.
Ліза і Даніла. Фота з сацсетак.
Дзяўчына вельмі любіла вандраваць (асабліва яе захапляла мора), гатаваць, пякла торты. А яшчэ яна абажала дарыць падарункі. Даведаўшыся, што Даніла марыць навучыцца граць на гітары, яна знайшла яму настаўніка і арганізавала яго першы хатні канцэрт.
Калі ж хлопец падзяліўся ідэяй зрабіць для брата шапку сваімі рукамі — з мяккага прадзіва і ў форме трусіка, — прыняліся за працу разам. З дапамогай навучальных урокаў на ютубе пара стварыла сваю першую шапку, сумленна падзяліўшы абавязкі: па адным вуху на кожнага. На гэтым прыгоды Данілы з самаробкай скончыліся, але неўзабаве гэта стала новым захапленнем Лізы. Яна пачала прагрэсаваць у майстэрстве вязання, ствараць усё новыя мадэлі. Хутка яны пайшлі на продаж, і зрабілі яе вядомай сярод фанатаў такіх яркіх фасонаў.
Некаторыя з прац Лізы.
Пра што марыла дзяўчына? У сваім дзённіку яна апісвала гэта так:
«Жыве ў Парыжы, разам з хлопцам, які кахае і падтрымлівае яе. Таксама з ёй жыве малодшая сястра з Беларусі. Яна кіруе ўласнай машынай, мае бізнэс, які квітнее і дазваляе ёй вандраваць па ўсім свеце».
На пахаванні таксама распавялі, што пасля смерці Ліза паспела прыйсці ў сны да некаторых блізкіх і знаёмых — да брата, маці Данілы і сваіх кліентак.
У сне брата Артура яна распавяла, што падчас гвалтавання не паспела адчуць пакуты: адразу ж адключылася. Праз хвіліну пасля атакі яна апынулася зусім у іншым месцы, дзе было спакойна: Ліза пакінула сваё цела, яе там не было.