У ЗША мільярдэрка загінула, выпадкова заехаўшы ў сажалку на машыне Tesla

Спадчынніца буйной суднаходнай кампаніі, 50-гадовая Анджэла Чао загінула месяц таму, аднак падрабязнасці яе смерці сталі вядомыя толькі нядаўна, піша Bild.

14.03.2024 / 01:34

Паводле інфармацыі амерыканскіх СМІ, 10 лютага прадпрымальніца паехала разам са сваімі сябрамі, якія раней вучыліся разам з ёй у Гарвардзе, на ранча ў Тэхасе. Там яна арандавала маёнтак, які амаль у тры разы перавышае па плошчы Цэнтральны парк у Нью-Ёрку.

Пасля вячэры Чао захацела паехаць у галоўны дом да сына. Паколькі ў той дзень было холадна, жанчына села ў сваю машыну Tesla Model X. Пешая прагулка заняла б у яе ўсяго чатыры хвіліны.

Wall Street Journal піша, што Чао хацела развярнуцца, аднак занадта моцна здала назад і з'ехала на аўтамабілі ў сажалку. Машына пачала ісці на дно, а сама Чао ў паніцы стала тэлефанаваць сябрам.

Ратавальнікі прыбылі на месца праз 24 хвіліны пасля атрымання экстранага выкліку — да гэтага моманту Tesla цалкам сышла пад ваду. Запытаная каманда вадалазаў па невядомых прычынах не прыехала, а план па выцягванні аўтамабіля з сажалкі праваліўся з-за занадта кароткага буксіровачнага троса.

Калі ратавальнікі ўсё ж такі дасталі машыну з вады, Анджэла Чао была ўжо мёртвая.

Асноўнай прычынай аварыі лічаць той факт, што жанчына не справілася з сэнсарным пераключэннем перадач, выпадкова пераключыўшы не ў той бок.

Пасля Чао не змагла выбрацца з аўтамабіля з-за таго, што ў машыне адключылася электроніка, адказная за аварыйнае адкрыццё дзвярэй. А ратавальнікі таксама не змаглі своечасова дабрацца да Чао з-за непрабіўнога шкла Model Xml.

Чытайце таксама:

Маск абвінаваціў у падпале на заводзе Tesla ў Нямеччыне «тупых экатэрарыстаў»

Завод Tesla пад Берлінам спыніў сваю працу з-за пажару — экаактывістаў падазраюць у падпале

Кіраўніца перадвыбарнага штаба Ціханоўскай набыла «Тэслу». У твітары пакупку ацанілі не ўсе

Nashaniva.com