«З відам на Мадэйру». На беларускай запраўцы ёсць вельмі незвычайная прыбіральня
Беларус выклаў у тыктоку відэа, як ён схадзіў у грамадскую прыбіральню і застаўся ў лёгкім шоку. «Такой прыбіральні я яшчэ нідзе ў Беларусі не бачыў, адказваю!» — гаворыць узбуджаны хлопец у пачатку роліка. Што такое ён там убачыў, піша «Анлайнер».
12.03.2024 / 18:30
Аказалася, што ў бясплатнай прыбіральні на запраўцы, што знаходзіцца на трасе M6 Мінск — Гродна ў раёне з'езду на Іўе, ёсць нетыповы пісуар, які больш нагадвае невялікую металічную ванну.
Але гэта яшчэ не ўсё. Самае галоўнае — над ім проста ў сцяну для нейкіх мэтаў умантаваны манітор з тачскрынам, на якім транслююцца кадры з відамі прыроды (аўтар відэа сцвярджае, што гэта Мадэйра).
У каментарах усе таксама не засталіся абыякавымі да такой незвычайнай лакацыі. Першае, чым задаліся карыстальнікі тыктоку, — пытаннем, ці можна пераключаць слайды на маніторы струменем.
Выказваліся і асцярогі, што праз манітор за тым, як чалавек робіць свае справы, можа хто-небудзь назіраць. Іншыя пісалі, што такія наварочаныя прыбіральні проста-такі выклікаюць пачуццё гонару за Беларусь, а іншыя парыравалі, што, маўляў, «у Аўстрыі такія на кожным кроку».
Сярод каментатараў знайшліся былыя работнікі і частыя наведвальнікі гэтай цудоўнай АЗС. Яны расказалі, што калісьці гэтая прыбіральня была платнай, а яшчэ паскардзіліся, што жаночая частка чамусьці абсталяваная больш сціпла.
Чытайце таксама:
19-гадовая настаўніца з Гродна расказала, як зарабляе 1600 рублёў. Не ўсе ёй вераць
У кабінцы прыбіральні барысаўскага гіпермаркета паставілі камеру