«Беларуськалій» зноў паспрабаваў размарозіць праз суд свае акцыі ў тэрмінале ў Клайпедзе

«Беларуськалію» не ўдалося выйграць спрэчку з Рэестравым цэнтрам Літвы наконт яго замарожаных актываў у выглядзе 30% акцый Клайпедскага тэрміналу насыпных грузаў, пішуць літоўскія СМІ са спасылкай на агенцтва BNS.

09.03.2024 / 16:15

Фота: bkt.lt

6 сакавіка рэгіянальны адміністрацыйны суд Літвы адхіліў скаргу «Беларуськалія», пастанавіўшы, што даныя аб замарожаных акцыях адпавядаюць дакументам, на падставе якіх іх туды ўнеслі. Таму яны не могуць лічыцца памылковымі і не падлягаюць выпраўленню.

Рашэнне суда можа быць абскарджанае ў Вярхоўным адміністрацыйным судзе Літвы на працягу 30 дзён.

«Беларуськалій» сцвярджаў у судзе, што ў пачатку сакавіка 2023 году папрасіў Рэестравы цэнтр выправіць нібыта памылковыя даныя ў рэестры аб прымяненні абмежавальных мер у дачыненні да кампаніі як акцыянера Клайпедскага тэрмінала. На думку «Беларуськалія», кіраваныя ім акцыі не могуць быць замарожаныя ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі нормамі, паколькі яны абароненыя пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Літвы аб заахвочванні і абароне інвестыцый.

Чытайце таксама:

Еўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з тэрмінала Клайпедскага порта, які часткова належыць «Беларуськалію»

«Беларуськалій» хоча адсудзіць у Літвы мільярд даляраў за забарону перавозкі калійных угнаенняў

Транзіт беларускіх угнаенняў праз Расію вырас у 18 разоў

Nashaniva.com