Панямонне, Падзвінне, Падняпроўе. Навошта за савецкім часам для Беларусі прыдумлялі неіснуючыя рэгіёны
У сеціве задаліся пытаннем, а ці існуюць сапраўды тыя гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны, якія акрэслівалі быццам бы на навуковай аснове. Здаецца, у іх больш ідэалогіі, чым навукі.
08.03.2024 / 08:00
Беларусы заўважылі, што ім куды больш зразумелыя рэгіёны суседніх Польшчы, Літвы і Латвіі, чым уласныя, назвы якіх ні пра што не кажуць і ўвогуле неяк падазрона супадаюць з савецкімі абласцямі. І гэтыя падазрэнні не беспадстаўныя.
Само паняцце этнаграфічнага рэгіёна з’яўляецца даволі ўмоўным і адносным, але мае вялікае інструментальнае значэнне і аказвае непасрэдны ўплыў на навуковыя даследаванні, а таксама яшчэ больш шырока на падтрыманне рэгіянальнай ідэнтычнасці.
Гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны паводле Цітова. Фота: Wikimedia Commons
Сёння ў Беларусі вылучаюць шэсць гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Заходняе Палессе, Усходняе Палессе, Панямонне, Паазер’е (або Падзвінне), Падняпроўе і Цэнтральная Беларусь.
Гэтыя рэгіёны вельмі падобныя па памерах, амаль раўназначныя і займаюць прыкладна тыя ж тэрыторыі, што і Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская і Мінская вобласці. Гэта супадзенне не выпадковае.
Але ці гавораць гэтыя назва хоць пра нешта, ці ўзнікае якая-небудзь асацыяцыя, стэрэатып пра людзей і іхнюю культуры ў гэтых рэгіёнах? За выключэннем Палесся — не. Дык адкуль і калі яны тады ўсе ўзяліся?
Іх намалявалі ў апошняй чвэрці XX стагоддзя, нашмат пазней, чым у нашых суседзяў. У Беларусі яны не сталі тым інструментам і тым спосабам працы з этнічнымі асаблівасцямі і самасвядомасцю насельніцтва, якімі сталі рэгіёны суседзяў.
Уласна з’яўленне беларускіх рэгіёнаў справакавала практычная неабходнасць. У 1976 годзе было прынята рашэнне аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам. Па аналогіі з адпаведнымі музеямі Латвіі, Літвы і Украіны ў аснову экспазіцыйнай структуры беларускага скансена мусілі быць пакладзены навукова абгрунтаваныя этнаграфічныя рэгіёны. Але спачатку іх трэба было вынайсці.
План з разбіццём музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах на сектары паводле этнаграфічных рэгіёнаў Цітова. Заходняе і Усходняе Палессі, Панямонне і «мястэчка» так за дзесяцігоддзі існавання музея і не былі створаны. Фота: Wikimedia Commons
За справу ў хуткім часе ўзяўся супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі этнограф Віктар Цітоў (1938-2020). Ім на падставе «аналізу разнастайных кампанентаў (ландшафтна-геаграфічных умоў, характару рассялення і арганізацыі жылога асяроддзя, гаспадарчых заняткаў, транспартных сродкаў, народнага адзення)» была прадстаўлена канцэпцыя гісторыка-этнаграфічнага раяніравання, якая падзяліла Беларусь на вышэйназваныя шэсць рэгіёнаў.
Канцэпцыю ўзгаднялі на самым высокім узроўні тагачаснага савецкага кіраўніцтва краіны.
За апошнія паўвека гэтая канцэпцыя амаль не зведала зменаў, але не таму, што была ідэальна выверанай, а таму што была штучнай і абсалютна незапатрабаванай.
Музею таксама не вельмі пашчасціла. За амаль 50 гадоў здолелі сабраць толькі экспазіцыі Цэнтральнай Беларусі, Падняпроўя і Паазер'я, помнікі Палесся і Панямоння, разабраныя і перавезеныя калісьці са сваіх месцаў у музейнае сховішча, хутчэй за ўсё, за гэты час ператварыліся на парахню.
А што суседзі?
Адзін з найбольш блізкіх і даволі паспяховых прыкладаў канструявання этнатэрытарыяльных ідэнтычнасцяў дэманструе суседняя Літва.
Самыя першыя спробы класіфікаваць беларусаў і літоўцаў паводле іх этнатэрытарыяльных адрозненняў былі зроблены яшчэ ў сярэдзіне XIX ст.
Адну з першых такіх спроб падзяліць Літву зрабіў яшчэ гісторык і этнограф Тэадор Нарбут у сваім артыкуле «Вызначэнне межаў уласнай Літвы ад стараны Славяншчыны» («Oznaczenie granic Litwy właściwej od strony Słowiańszczyzny») у 1856 годзе. Некаторыя рэгіёны, як Пелюзію і Нерому, ён проста беспадстаўна выдумаў.
Наступныя даследчыкі на рэгіянальных самапрадстаўленнях мясцовага насельніцтва адлюстроўвалі гістарычны падзел літоўцаў як мінімум на дзве вялікія групы — аўкштайтаў («сапраўдную Літву») і жэмайтаў («Жмудзь»). Жамойць з даўніх часоў вылучалася палітычна, адміністрацыйна і культурна, усё, што не ўваходзіла ў яе, лічылася ўласна Літвой.
Карта-схема этнаграфічных рэгіёнаў Літвы, складзеная А. Тамашайцісам. 1939 г.
Гэтыя класіфікацыі ў далейшым былі пакладзены ў аснову не толькі этнакультурнага рэгіянавання Літвы, але таксама дыялектнага падзелу літоўскай мовы.
Толькі ў час дынамічных працэсаў у канцы XIX — першай палове XX ст., якія ўздзейнічалі на сацыяльныя сувязі, культуру, межы і этнанімію, былі вынайдзены такія этнарэгіёны, як Дзукія, Сувалкія і Клайпедскі край. Памежны са славянскім племенем рэгіён Дзукія атрымаў сваю назву ад характэрнага дзекання мясцовага насельніцтва. Суседнія жамойты лічылі дзукаў мяшанцамі. Таксама закладаўся стэрэатып як рэгіёна, дзе «часцей можна бачыць старажытныя звычаі патрыярхальныя».
«Па прычыне суседства з павольнымі русінамі (г. зн. беларусамі — «НН») і збяднелымі мазурамі, характар дзука стаў мякчэйшым, лаўчэйшым і міралюбівым да чужынцаў, але і схільным да асіміляцыі».
Адметнасць рэгіёна засведчана літоўскімі літаратарамі і публіцыстамі. Але галоўным фактарам з’яўлялася тое, што сваю адметнасць дэкларавалі самі дзукі. Межы Дзукіі заставаліся ўмоўнымі і залежалі ад таго, што было пакладзена ў аснову класіфікацыі — спецыфіка мовы, матэрыяльная ці духоўная культура. Сёння Дзукія ўсё больш ператвараецца ў рэгіянальны брэнд.
Гісторыка-культурныя рэгіёны Літвы. 1985 г.
Сучасныя контуры суседняй Сувалкіі вызначаюць рака Нёман і мяжа Літвы з Польшчай, акрэслена на тэрыторыі, якая пасля падзелаў трапіла ў Прусію, а пасля ў склад Сувалкаўскай губерніі Царства Польскага, дзе знаходзілася да Першай сусветнай вайны. Па іншы бок граніцы польская Сувальшчына.
Тут на некалькі дзесяцігоддзяў раней было скасавана прыгоннае права, больш за сто гадоў дзейнічаў грамадзянскі кодэкс Напалеона, ніколі не скасоўваўся і ўвесь час дзейнічаў Грыгарыянскі каляндар і г.д.
Больш сучасныя формы гаспадарання, актыўнае перайманне заходняга побыту, заможнасць мясцовых стварылі стэрэатып пра сувалькійцаў як пра вельмі дбайных, але ашчадных і нават сквапных гаспадароў.
Пры тым праз «адміністрацыйны» прынцып у «сувалькійцы» трапілі розныя лакальныя групы літоўцаў — занавікі, капсы і нават дзукі.
Гісторыка-культурныя рэгіёны Літвы, вылучаныя на падставе аналізу комплексаў традыцыйнага жаночага адзення. 1986 г.
Тэрытарыяльная адасобленасць садзейнічала ўкараненню рэгіянальнай спецыфікі не толькі ў літоўскім Занямонні, але таксама ў Віленскім і Клайпедскім краях, якія пэўны час былі аддзелены дзяржаўнымі межамі ад Літвы.
Вылучэнне Клайпедскага і Віленскага краёў у 1920-1930-я гг. у якасці асобных субрэгіёнаў Літвы было абумоўлена не толькі і, хутчэй за ўсё, не столькі этнакультурнай спецыфікай гэтых памежных тэрыторый, колькі іх асаблівым палітычным статусам.
Калі з Віленскім краем, які быў пад Польшчай у міжваенны час, усё зразумела, то гісторыя Клайпедскага края цікавейшая. Гэта частка былой Малой (або Прускай) Літвы, якую яшчэ ў XIII ст. утварылі заваяваныя Тэўтонскім ордэнам заходнебалцкія землі. Назва ўзнікла ў XVI ст. у выніку супрацьпастаўлення гэтай гістарычнай вобласці ВКЛ, ад якога яна ўвесь час была аддзелена мяжой.
Мясцовыя літоўнікі-пратэстанты пакрысе анямечваліся, але палітычныя ўмовы спрыялі развіццю літоўскай культуры. Тут узнікла значная колькасць літоўскіх школ, а ў XIX ст. быў наладжаны друк літоўскай літаратуры, якая масава дастаўляўся кніганошамі ў Літву. Побыт малалітоўцаў мала чым адрозніваўся ад нямецкага, але моцна адрозніваўся ад літоўскага. Галоўным адрозненнем была лютэранская вера.
У Малой Літве сваіх супляменнікаў успрымалі як дашчэнту спаланізаваных каталікоў.
У 1923 годзе край упершыню быў уз’яднаны з Літоўскай дзяржавай. Пасля вайны край у значнай ступені страціў сваё насельніцтва, у канцы XX ст. спадчыну літоўнікаў, якіх тут налічвалася ўсяго некалькі сотняў чалавек, пачала адраджаць «з кніг» мясцовая інтэлігенцыя.
Этнаграфічныя рэгіёны Літвы паводле Ж. Шакніса і Д. Піварунаса. 2001 г.
Канчаткова гэтыя новыя рэгіёны былі легітымізаваныя і пастаўлены ў адзін шэраг з Аўкштайціяй і Жэмайціяй у 1980-х гг., калі літоўскія, латышскія і эстонскія этнографы пад эгідай Інстытута этнаграфіі ім. М.М. Міклухі-Маклая АН СССР прынялі ўдзел у шырокамаштабным праекце этнаграфічнага раяніравання сваіх рэспублік. У 1985 г. з’явілася афіцыйная навуковая карта гісторыка-культурных абласцей Літвы з даволі шырокімі пераходнымі зонамі.
Спробы больш дакладна вызначыць межы этнаграфічных рэгіёнаў Літвы актывізаваліся ў пачатку ХХІ ст., калі ў літоўскім грамадстве актыўна абмяркоўвалася магчымасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы краіны ў адпаведнасці з навуковымі ўяўленнямі аб падзеле літоўцаў на асобныя субэтнічныя групы.
З гэтай мэтай літоўскімі этнолагамі была падрыхтавана новая карта этнаграфічных рэгіёнаў Літвы, выразныя абрысы якіх былі дакладна праведзены па межах найдрабнейшых сучасных адміністрацыйных адзінак краіны — старостваў.
Тэрытарыяльная структура фармальных рэгіёнаў Літвы паводле А. Рагаўскайце
Як бачна з літоўскага прыкладу, нават шырокімі агульнымі мазкамі можна добра патлумачыць адрознасць пэўных рэгіёнаў краіны.
Вельмі падобная сітуацыя з рэгіёнамі ў Латвіі: выразная мяжа паміж рэгіёнамі, былой Лівоніяй і Курляндскім герцагствам, праходзіць па Дзвіне. Такія рэгіёны як Латгалія і Курземе адпавядаюць месцам рассялення народнасцей латгалаў і куршаў з адметнымі моўнымі асаблівасцямі. У Латгаліі і Селіі таксама пражывае значная доля літоўцаў, беларусаў, рускіх, палякаў з адрознай культурай, мовай і рэлігіяй.
Што не так з беларускімі рэгіёнамі
Арыгінальная карта гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі паводле Цітова
Першае, што кідаецца ў беларускіх этнаграфічных рэгіёнах, гэта прывязка большасці назваў не да гістарычных народнасцей і гістарычных межаў, а да рэк: Панямонне да Нёмана, Падняпроўе да Дняпра, Падзвінне (яно ж Паазер’е) да Дзвіны. Адзін рэгіён названы Цэнтральнай Беларуссю, а яшчэ два — Палессямі.
Адчуваецца творчы крызіс у найменні рэгіёнаў. І ён зразумелы, бо ніякіх панямонцаў, падняпроўцаў, падзвінцаў і, крый божа, цэнтральна-беларусаў ніколі не існавала. Ні як экзаэтнонімаў, ні як саманазваў.
Адзінае адрозненне тут палешукі. Сёння мы пад гэтай назвай маем на ўвазе ўсіх жыхароў Палесся, але ўяўляем іх выключна як заходніх палешукоў, якія гавораць на сваёй асаблівай мове, падобнай да ўкраінскай, хоць гэта не слушна для жыхароў усходняй часткі Беларускага Палесся.
Межы этнаграфічных рэгіёнаў супадаюць з межамі дыялектаў беларускай мовы толькі на Заходнім Палессі. Фота: Анлайнер
У цэлым, адзін рэгіён, з якім можна пагадзіцца ў раянаванні Цітова, гэта Заходняе Палессе. Адрозны ад астатніх беларусаў побыт у лясістай і балоцістай мясцовасці, буйныя паселішчы, адрозная мова, наяўнасць пазнавальнай саманазвы. І гэта ляжыць на паверхі, як і ў выпадку з літоўскімі рэгіёнамі, не трэба паглыбляцца ў нейкія формы хат, кераміку і характар вышыўкі.
А вось усё астатняе можна з чыстым сумленнем перакрэсліваць. Усходняе Палессе цягнецца ад Брагіна да Старобіна і доўгай «нагой» захоплівае Ганцавічы. Не будзем спрачацца з этнаграфіяй, але з гісторыяй гэты рэгіён не стасуецца ніяк. Брагін і Лоеў з часоў Люблінскай уніі, у адрозненне ад астатняй Беларусі, уваходзілі не ў ВКЛ, а ў склад Кароны Польскай з уласнымі прававымі і культурнымі асаблівасцямі. Але гэта адзінае выключэнне, на якое стваральнік раянавання нават не звярнуў увагі.
Лоеў і Брагін з часоў Люблінскай уніі працяглы перыяд развіваліся ў складзе Каралеўства Польскага, асобна ад Вялікага Княства Літоўскага, але згодна з этнаграфічным раянаваннем аб'ядноўваюцца разам са Старобінам і Ганцавічамі далёка на захадзе
У цэлым жа Беларусь сёння складаецца з «пагрызенай» з усіх бакоў этнічнай беларускай тэрыторыі, так што такіх адміністрацыйных адрозненняў паміж рэгіёнамі аж да пачатку XX стагоддзя амаль і няма.
Дык што, у Беларусі няма рэгіёнаў?
Заходняя частка краіны каля 20 гадоў была аддзелена ад усходняй фронтам Першай сусветнай вайны, а пасля савецка-польскай граніцай, але ж раянаванне рабілася на перыяд папярэдніх дзесяцігоддзяў. З іншага боку — усходняя частка Беларусі на 20 гадоў раней была далучана да Расійскай імперыі, там адбываліся працэсы, адрозныя ад тых, што адбываліся ў цэнтральнай і заходняй частках.
Распаўсюджанне квінтавых напеваў і распаўсюджанне квартавых, тэрцавых і секундавых напеваў паводле Т.Б. Варфаламеевай. Супядзенняў з рэгіёнамі Цітова не прасочваецца
Але Цітоў, малюючы гісторыка-этнаграфічную карту Беларусі на канец XIX — пачатку XX стагоддзя, спасылаўся не на XVIII стагоддзе, а на куды больш глыбокую старажытнасць.
Артыкул пра кожны рэгіён можна знайсці ў «Беларускай энцыклапедыі», вось як Цэнтральную Беларусь гістарычна аргументуе там даследчык:
«3 10 ст. паўночная частка рэгіёна ўваходзіла ў склад Полацкага княства. У пачатку 12 ст. вылучыліся самастойныя Мінскае, Ізяслаўскае, Лагожскае княствы. У 14 ст. Цэнтральная Беларусь увайшла ў ВКЛ. 3 пачатку 15 ст. Мінскі ўдзел быў у складзе Віленскага ваяводства (у 1566 утворана Мінскае ваяводства з цэнтрам у Мінску).
Паўднёвая частка Цэнтральнай Беларусі ў старажытнасці была цесна звязана з Тураўскім княствам, дзе вылучыліся Слуцкі і Клецкі ўдзелы. У канцы 12 ст. Слуцкі ўдзел стаў самастойным княствам, якое ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай існавала як асобная адміністрацыйная адзінка да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Цэнтральная Беларусь увайшла ў склад Мінскай губерні.
У сярэдневякоўі Цэнтральная Беларусь размяшчалася на сумежжы Белай Русі і Чорнай Русі і як этнаграфічны рэгіён са сваімі адметнымі рысамі склалася ў 18—19 ст. У ім былі сканцэнтраваны этнакультурныя рысы, характэрныя амаль для ўсіх рэгіёнаў Беларусі».
Апошнім сказам Цітоў распісваецца ў несамастойнасці створанага ўласнымі рукамі рэгіёна. Калі тут «сканцэнтраваны этнакультурныя рысы, характэрныя амаль для ўсіх рэгіёнаў Беларусі», то гэта не рэгіён, а пераходная зона паміж іншымі рэгіёнамі.
Мапа народныях строяў Беларусі
Межы этнаграфічных рэгіёнаў чамусьці рэжуць нават многія базававыя этнаграфічныя адзінікі, такія як арэалы распаўсюджання народных строяў. Фота: інстаграм «Пазнай Палессе»
Асобна варта звярнуць увагу на тое, што ў аргументацыі Цітова вялікая ўвага надаецца падзеям з гісторыі Старажытнай Русі і амаль цалкам ігнаруюцца працэсы ў наступныя стагоддзі, гэта значыць у часы ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, якія ўласна і маглі паўплываць на этнаграфічную разнастайнасць беларусаў. Гэтая карціна назіраецца ў апісанні ўсіх рэгіёнаў.
Дык што, у на Беларусі няма ніякіх этнаграфічных рэгіёнаў, акрамя Палесся? Ёсць. Беларусаў яшчэ расійскія даследчыкі дзялілі на ўсходніх, пераважна праваслаўных («сапраўдных») і заходніх, канфесійна неаднастайных (з размытай катэгарызацыяй і ідэнтыфікацыяй) беларусаў; у якасці асобных этнаграфічных груп беларусаў даследчыкі таксама вылучалі падляшан і палешукоў.
Сапраўды большую частку Цэнтральнай Беларусі, Падняпроўя і Паазер’я, прапанаваных Цітовым, можна было б назваць Белай Руссю. Але, відаць, у часы навукоўца гэта было палітычна спрэчна: калі гэта сапраўдная Белая Русь, то што за «лішнія» рэгіёны далучаны да БССР?
Тыпы дваровай забудовы паводле В.С. Цітова (1 — замкнуты двор; 2 — Г-падобны; 3 — аднарадны; 4 — двухрадны; 5 — ускладнены двухрадны двор) і паводле А.І. Лакоткі. Супадзенняў з рэгіёнамі Цітова не прасочваецца
Планіровачна-кампазіцыйныя тыпы народнага жылля і рэгіянальныя ды лакальныя рысы разьбянога дэкора паводле А.І. Лакоткі. Супадзенняў з рэгіёнамі Цітова не прасочваецца
Каб адшукаць іншыя рэгіёны, трэба параўноўваць розныя мясцовасці паміж сабой і, калі знаходзіцца адрозненне, намячаць мяжу.
Чым адрозніваюцца ваколіцы Гомеля і Веткі ад ваколіц Ігумена? Вялікай колькасцю старавераў са сваёй культурай, мовай і рэлігіяй.
Чым адрозніваецца Ліда, Ашмяны, Паставы, то-бок рэгіён уздоўж граніцы з Літвой, ад, скажам, ваколіц Крупак? Перавагай каталікоў, вялікай колькасцю людзей з польскай этнічнасцю, а таксама літоўскімі анклавамі (нагадаем, мы глядзім на мяжу XIX і XX стагоддзяў).
Уласна гістарычная Віленшчына будзе самым выразным і адрозным рэгіёнам Беларусі пасля Заходняга Палесся.
Прэзідэнцкія выбары 1994 года ў Беларусі. Галасы за Пазняка і Шушкевіча па раёнах. Бачна, што іхняя электаральная база выпадае на паўночны захад краіны. Фота: Wikimedia Commons
Гэты рэгіён праявіў сябе ў час прэзідэнцкіх выбараў 1994 года: тут найбольш за іншыя рэгіёны падтрымалі апазіцыйных дэмакратычных кандыдатаў на тых выбарах — Зянона Пазняка і Станіслава Шушкевіча. Гэтыя каталікі-беларусы ўспрымаліся тут куды больш як свае (асабліва Пазняк, які з’яўляецца ўраджэнцам гэтага рэгіёна), чым праваслаўны атэіст Лукашэнка з усходу.
«Вяйшнорыя» на карце вучэнняў «Захад-2017»
Новае жыццё рэгіён здабыў у паспяховым праекце Вейшнорыі. Паспяховы, бо было на што абаперціся ў самарэпрэзентацыі. Тут беларусы самі добра справіліся з практыкаваннем па канструяванні этнаграфічнага рэгіёна на падставе тых асаблівасцяў, што ён сапраўды мае і якімі адрозніваецца ад іншых.
Напэўна, можна вылучыць і нейкія іншыя, менш выразныя рэгіёны, але гэта вымагае глыбейшага аналізу, асабліва каб вызначыць хоць бы прыкладныя межы паміж імі на падставе гістарычнага і эканамічнага развіцця, этнаграфіі і моўных асаблівасцей.
З картай дыялектаў беларускай мовы тая ж праблема, што і з раянаваннем на рэгіёны: аднойчы створаная, яна ў такім нязменным выглядзе без удакладненняў існуе дзесяцігоддзі, змяняецца толькі спосаб адлюстравання адной і той жа інфармацыі
Пакуль жа нават карта беларускіх дыялектаў, якая шырокім градыентам ад Брэста на паўднёвых захадзе да Віцебска на паўночным усходзе пакрывае Беларусь, выглядае максімальна ўмоўнай. Можа, выявіцца, што ёсць падставы асобна вылучаць Случчыну ці Полаччыну, а можа гэта ўсё тэрыторыя вялікага рэгіёна Белая Русь.
Калі ж этнаграфічныя рэгіёны намаляваныя Цітовым без неабходнага абгрунтавання, то чаму навукоўцы не аспрэчаць яе?
Калі абсалютна незразумелыя фактары, па якіх тэрыторыі адносіліся да таго ці іншага рэгіёна, то і абвергнуць такое раянаванне метадалагічна немагчыма.
Можна паспрабаваць стварыць новае раянаванне з нуля, але гэта вымагае шырокіх ведаў у розных галінах, а валюнтарысцкае маляванне рэгіёнаў сёння не вітаецца. Тут патрэбная даследчыцкая смеласць.
Вось і вісяць мёртвым грузам усе гэтыя Панямонне, Падняпроўе і Цэнтральная Беларусь, з якімі не зразумела што рабіць, бо няясна, што яны такое і як з'явіліся на свет.
У Беларусі нават выдалі серыю марак, прысвечаных этнагарафічным рэгіёнам
У Літве вывучэнне лакальна-рэгіянальнай разнастайнасці этнічнай культуры было і ёсць адным з прыярытэтных кірункаў этналагічнай навукі, якое спрыяе развіццю рэгіёнаў, не дае празмерна ўніфікаваць і цэнтралізаваць краіну.
У Беларусі ж савецкая і лукашэнкаўская палітыка была і застаецца скіраванай на ўніфікацыю і ўсеагульную русіфікацыю. Часткова гэта можа быць выклікана і бояззю сепаратысцкіх настрояў у заходнім Палессі і сярод польскай меншасці (якая ў частцы раёнаў складае ўпэўненую большасць) на паўночным захадзе.
У такіх умовах рэгіёны могуць вызначацца толькі дырэктыўна, зыходзячы не з навукі, а з ідэалагічнай неабходнасці.
Чытайце таксама:
Адбіткі імперый. Чаму Польшча палітычна дзеліцца па колішняй граніцы Расіі і Германіі
Дэбеларусізацыя. Чаму Смаленшчына не вярнулася ў Беларусь?
Як збіраліся ліквідаваць савецкую Беларусь. План, які памёр разам з яго ініцыятарам