З'явіўся беларуска-расійскі падручнік для ВНУ па «гісторыі Саюзнай дзяржавы»
З пачатку бягучага навучальнага семестра з'явіўся прызначаны для студэнтаў расійскіх і беларускіх ВНУ падручнік па «гісторыі Саюзнай дзяржавы», які прэзентуецца як «першы паўнавартасны навучальны дапаможнік, прысвечаны саюзнай праблематыцы, за ўсе гады існавання Саюза», піша «Российская газета».
05.03.2024 / 18:34
У працы над гэтым падручнікам удзельнічалі супрацоўнікі гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры Лукашэнку, Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі пры падтрымцы Федэральнага агенцтва Расіі па справах нацыянальнасцяў.
Перад аўтарамі паставілі задачу
«сістэматызаваўшы базавыя гістарычныя факты, сфарміраваць агульныя для расійскіх і беларускіх гісторыкаў метадалагічныя прынцыпы, гістарычныя падыходы, напоўніць удакладненым зместам гістарычныя паняцці, тэрміны».
Адзін з аўтараў падручніка, старшыня прапуцінскай і пралукашэнкаўскай Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч цешыцца з таго, што нарэшце ім удалося прапіхнуць гэты падручнік, бо цяпер, маўляў,
«ніякая трэцяя сіла не можа аказваць ані найменшага ўплыву на тое, што фармуе розумы маленькіх і маладых грамадзян сваёй Айчыны. Часы, калі зместам школьных падручнікаў рулілі замежныя фонды, адышлі ў Расіі і Беларусі ў мінулае, спадзяюся, назаўжды».
У тое, што моладзь абедзвюх краін зможа правільна сарыентавацца без пастаяннай ідэалагічнай апрацоўкі з боку рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, Кандыбовіч не асабліва верыць:
«толькі адвернемся, чарговы пацукалоў з дудачкай адвядзе ўсіх нашых дзяцей з горада, як у старой казцы».
Нахвальвае новы падручнік і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, падкрэсліваючы, што рыхтаваўся ён спехам:
«Хуткае было рашэнне, але вельмі ўзважанае, па падрыхтоўцы рукапісу калектыўнага навучальнага дапаможніка, які адпавядае дзяржаўным задачам і запытам грамадства».
Паводле яго слоў, калектыў аўтараў натхняла разуменне і бачанне, «які велізарны аб'ём матэрыялаў і інфармацыі ёсць, з якой хуткасцю ён прырастае, якія проста неабсяжныя тэмы з'яўляюцца пастаянна ў рамках развіцця і ўмацавання Саюзнай дзяржавы». І думае, што правільна было б зрабіць «ацэнку ролі асоб у гэтым пытанні».
Як падкрэсліваецца, «падручнік, па сутнасці, з'яўляецца канцэпцыяй выкладання беларускай гісторыі, распрацаванай расійскімі і беларускімі гісторыкамі як адзінае бачанне». А перад падрыхтоўкай і выданнем «Гісторыі Саюзнай дзяржавы» летам 2023 года той жа аўтарскі калектыў выдаў сумесны навучальны дапаможнік «Гісторыя беларускіх зямель і беларускай дзяржавы. Кароткі нарыс. Матэрыялы да лекцыйнага курсу».
У БДУ гэтыя навучальныя дапаможнікі рэкамендаваныя пры засваенні курсаў «Улада і грамадства ў Беларусі ў новы і найноўшы час», «Мадэрнізацыйныя працэсы ў Беларусі», а таксама выкарыстоўваюцца ў выкладанні ў рамках першай міжнароднай расійска-беларускай магістарскай праграмы МДУ і БДУ «Гісторыя беларускай дыяспары».
Чытайце таксама:
Нецікава, прымусова, невядома што і невядома навошта. Мінадукацыі абурылася працай БРСМ і БРПА
Мінадукацыі выпусціць новы падручнік па філасофіі, хоць і стары «якасна падрыхтаваны»
У 10-х класах гісторыю Беларусі аб'яднаюць з сусветнай гісторыяй у адзін курс
У школах ужо выкарыстоўваюць адзіны падручнік па гісторыі Беларусі і Расіі