«Людзі былі запушчаны праз Беларусь». Як збіраліся забіць Зяленскага

Расследавальнік Хрыста Грозеў у інтэрв'ю журналісту Міхаілу Зыгару расказаў пра тое, як планавалася забойства Зяленскага ў самым пачатку вайны.

03.03.2024 / 23:20

Фота: Chris McGrath/Getty Images

Людзі з ГРУ знаходзіліся ў Кіеве, каб забіць Зяленскага. Па словах Грозева, іх была не адна група. Людзі з гэтай арганізацыі трапілі ва Украіну яшчэ за пару тыдняў да пачатку вайны.

«Яны былі праз Беларусь запушчаны, каб быць побач з Кіевам. Частка з іх зайшла ў Кіеў і рыхтавала ўзяцце палітычнага квартала горада».

Гэта людзі, падначаленыя Андрэю Авер’янаву (генералу ГРУ, які кіраваў падраздзяленнем, што падазраецца ў серыі атручванняў і выбухаў у Еўропе), іх было 30. Гэта вельмі элітная група, кажа Грозеў. Гэта тыя самыя людзі, якія ўзарвалі склады ў Чэхіі і Балгарыі, якія атручвалі Скрыпалей.

«Мы адсачылі паведамленні некалькіх чалавек з гэтай каманды. І было і страшна, і смешна. Страшна, таму што бачылі, якія ў іх мэты. А смешна, таму што яны станавіліся з кожным днём усё менш ура-патрыётамі і сталі крытыкаваць кіраўніцтва за дрэнна спланаваную аперацыю. 

Супрацоўнікі ГРУ спачатку лічылі, што будуць ва Украіне тыдзень, пасля пісалі сваім жонкам: «Ну, давядзецца два тыдні. Пасля пісалі пра месяц, паўгода. Некаторыя сталі пасля сумнявацца ў вернасці сваіх жонак».

«Можна пра гэта напісаць раман, пра тое, як гэта каманда, якая павінна была за тыдзень давесці да перамогі, стала псіхалагічнымі ахвярамі гэтай самай вайны», — заўважае расследавальнік.

Частку з іх, кажа Грозеў, забілі. 

Ён каментуе цяперашнія аперацыі ГРУ ва Украіне: «Няма ў іх цяпер такіх мегамэтаў, як забіць Зяленскага. Відаць, яны цалкам праваліліся ў гэтым плане».

Грозеў дадае, што ГРУ навучыла новае пакаленне супрацоўнікаў для міжнародных аперацый, яны на 10—15 гадоў маладзейшыя за ранейшых (1993—1999 года нараджэння).

Чытайце таксама:

Расія хацела, каб Беларусь была адным з «гарантаў» нейтральнасці раззброенай і кастрыраванай Украіны — апублікаваныя дакументы 2022 года

Буданаў пра звальненне Залужнага: Калі ўсё было выдатна, то чаму мы там, дзе ёсць?

Зяленскі назваў час пераломнага моманту ў вайне ва Украіне

Nashaniva.com