Расійскія вайскоўцы ва Украіне падзякавалі за дапамогу некалькім беларускім манастырам. Сярод іх тыя, якія раней не свяціліся

Расійскія прапагандысцкія каналы распаўсюджваюць відэа, на якім вайскоўцы расійскай арміі, што знаходзяцца ва Украіне, дзякуюць за дапамогу беларускім праваслаўным манастырам, заўважыў тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга». 

28.02.2024 / 23:00

«Выказваем вялікую падзяку матушцы Гаўрыіле за адпраўленую гуманітарную дапамогу, прыхаджанам манастыроў Гродзенскага, Навагрудскага, Жыровіцкага. У асобе ігуменні нас падтрымлівае ўся праваслаўная Беларусь», — зачытвае на камеру тэкст з паперкі адзін з чатырох байцоў расійскіх падраздзяленняў, з цяжкасцю разбіраючы і блытаючы відавочна незнаёмыя яму беларускія назвы.

Сярод рэчаў, якія ўваходзяць у гуманітарную дапамогу, салдат пералічвае плашчы, дажджавікі, салодкія падарункі і іконы.

Трэба адзначыць, што ў Гродзенскім Свята-Раства-Багародзіцкім жаночым манастыры, якім ужо больш за 30 гадоў кіруе ігумення Гаўрыіла, свайго ўдзелу ў дапамозе расійскім вайскоўцам ніколі не хавалі. А вось таксама згаданыя Навагрудскі (Лаўрышаўскі) і Жыровіцкі манастыры раней сваёй актыўнай падтрымкі расійскай агрэсіі ва Украіне, прынамсі адкрыта, здаецца, не афішавалі. 

Чытайце таксама:

Свята-Елізавецінскі манастыр правёў чарговы Z-канцэрт пад расійскімі трыкалорамі

Святар Лемяшонак назваў расійскіх акупантаў мучанікамі, а свой манастыр — малітоўнай «крэпасцю» Русі

Мошчы «распятага хлопчыка», якога для антысеміцкай прапаганды выкарыстоўвалі нацысты, прывезлі ў Гомель

Nashaniva.com