«Будзем збіваць» — Хрэнін аб парушэнні паветранай прасторы Беларусі
Міністр абароны Віктар Хрэнін у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія-24» расказаў, як ваеннае ведамства будзе рэагаваць на факты парушэння дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы.
22.02.2024 / 11:29
Хрэнін сказаў, што толькі са жніўня мінулага года было зафіксавана шэсць парушэнняў дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы.
«Мы на ўсе парушэнні рэагуем. Калі трэба — узнімаецца наша баявая авіяцыя, прыводзяцца ў адпаведнасці ступені гатоўнасці зенітна-ракетныя войскі. Калі ўжо зусім [будуць] страчаныя тармазы з іх боку, вядома, мы будзем збіваць, цырымоніцца не будзем», — сказаў Віктар Хрэнін.
Украіна, паводле яго слоў, засяродзіла на мяжы з Беларуссю групоўку колькасцю 112-114 тыс. чалавек. Але «такая сітуацыя не патрабуе нарошчвання дадатковых ваенных сіл Беларусі на граніцы з Украінай».
Хрэнін больш апасаецца, што пад выглядам вучэнняў НАТА можа стварыць ударную групоўку каля Беларусі. «Калі гэта сапраўды пачне ператварацца ў стварэнне больш магутных груповак або яшчэ чагосьці, будзе рэакцыя ў адказ з нашага боку», — запэўніў Хрэнін.
Адказ беларускай арміі, паводле яго слоў, будзе «максімальна адэкватным».
Чытайце таксама:
Лукашэнка: Мы павінны быць гатовыя да вайны і ментальна, і стратэгічна