«Аліварыя» да свайго юбілею вырабіла «піўное шампанскае»
Півавары бровара «Аліварыя» да 160-годдзя прадпрыемства абвясцілі пра стварэнне двух новых гатункаў піва, светлага і цёмнага, якія адносяцца да крафтавай катэгорыі. Пра гэта паведамляецца на сайце кампаніі.
21.02.2024 / 20:13
Адзін з гэтых новых гатункаў — светлае піва, якое па знешніх і смакавых характарыстыках нагадвае пеністае віно. Яно называецца «Аліварыя Святочнае Brut Lager». Пра яго вытворцы пішуць так:
«Сухасць і лёгкая кіслінка ў смаку, якія характэрныя для брута, былі дасягнутыя дзякуючы глыбокай ступені зброджвання. Пры вытворчасці выкарыстоўваўся спецыяльны амерыканскі хмель, які дазваляе дамагчыся ў смаку кветкавых нотак з лёгкімі адгалоскамі маракуя. А яшчэ гэты гатунак адрозніваецца павышанай «шыпучасцю» і некласічным піўным колерам. Утрыманне алкаголю — 5,4%».
Цёмнае піва называецца «Аліварыя Юбілейнае Milk Stout»:
«База гэтага гатунку — карамельны і пражаны солад, дзякуючы якому ў смаку з'яўляюцца ноты пражаных кававых зерняў. У піва дадалі натуральны экстракт какоса і малочны цукар, каб дамагчыся густой крэмавай тэкстуры з пышнай пенай. Акрамя таго, малочны цукар робіць стаут мякчэйшым, ствараючы сметанковы паслясмак. Утрыманне алкаголю — 5,5%».
Абодва гатункі створаныя, як сцвярджаецца, па аўтарскіх рэцэптах. А для таго каб падабраць ідэальнае спалучэнне інгрэдыентаў, вытворцы вывучалі і натхняліся распрацоўкамі Carlsberg Group. Для афармлення новых гатункаў прадрыемству спатрэбілася ўстаноўка дадатковага абсталявання.
«Аліварыя Святочнае Brut Lager» і «Аліварыя Юбілейнае Milk Stout» ужо паступілі ў продаж і будуць паступова з'яўляцца ў крамах па ўсёй краіне.
Чытайце таксама:
Фінскі канцэрн Olvi хоча прадаць «Лідскае піва», а не можа