Кацярына Хольцапфэль-Варажун: У Аўстрыі перавучыла сына на беларускую за паўгода

Кацярыну Хольцапфэль-Варажун добра ведаюць у беларускім твітары ды іншых сацсетках, бо яна шмат піша пра беларускую мову і магчымыя памылкі ў ёй. А ў звычайным жыцці Кацярына — жонка аўстрыйца і мама 12-гадовага сына, якая жыве за мяжой ужо сем гадоў. Да Дня роднай мовы мы распыталі актывістку пра выхаванне па-беларуску за мяжой і яе допісы ў сацсетках.

22.02.2024 / 01:43

Кацярына Хольцапфэль-Варажун. Фота: інстаграм

«Калі я нарэшце зразумела, што я — беларуска, я стала цэльным чалавекам»

«Наша Ніва»: Як усвядомілі, што хацелі б выхоўваць дзіця па-беларуску?

Кацярына Хольцапфэль-Варажун: Калі мы пераехалі сюды, сыну было пяць гадоў і ён пазмаўляў толькі па-расейску. У той час я вадзіла яго на заняткі выхаднога дня, якія ладзіліся таксама па-расейску, і казала, што мой сын мусіць вельмі добра валодаць расейскай мовай.

А праз тры-чатыры месяцы я стала больш чытаць навіны пра Беларусь. Асабліва мяне ўразілі відэа з Дня Волі — 2017, калі людзей хапалі проста на вуліцы, яны ішлі па батон і не даходзілі. Тады я стала думаць, чаму так адбываецца, увогуле пачала за мяжой больш цікавіцца Беларуссю. За мяжой чалавек адчувае сябе больш самотным і таму імкнецца знайсці сваіх, і я спрабавала знайсці кантакт з некаторымі расейцамі, але зразумела, што мы розныя. 

Стала задаваць сабе пытанне: называю сябе беларускай, дык чаму не ведаю нічога беларускага, не гутару па-беларуску і не перадаю родную мову сыну? Апошнім і прыемным штуршком было «Еўрабачанне», дзе з лёгкай беларускай песняй выступаў гурт Naviband. Мяне гэта вельмі ўразіла, і я зразумела: калі я хачу і далей называць сябе беларускай, мушу ўсё беларускае паставіць на першае месца, а ўсе астатнія мовы мусяць ісці пасля беларускай. Ці можа, да прыкладу, паляк называць сябе паляком, калі не ведае польскай мовы? 

Недзе ў чэрвені 2017-га, калі мы з сынам ехалі ў машыне, я павярнулася да яго і сказала: «З гэтага дня я буду з табой больш гутарыць па-беларуску». Была ўвогуле не ўпэўненая, што магу гэта рабіць — больш-менш разумела мову, але ніколі на ёй не гаварыла. Пачала гаварыць па-беларуску, і сын сказаў, што нічога не разумее, адказала яму: «Нічога, з цягам часу зразумееш». Скасавала ўсё расейскае, што ён глядзеў і чытаў, і стала замяняць на беларускае, і паціху на месца расейскай мовы ў яго стала прыходзіць беларуская.

Праз паўгода, калі мы ехалі ў мінскім таксі, кіроўца вельмі ўразіўся нашай беларускай мове і спытаў, ці мы ўжо зусім не ведаем расейскую. І мой сын сам адказаў, што забыўся на словы, то-бок паўгода хапае для дзіцяці, каб замяніць адну мову на іншую.

Цяпер я не стаўлю яму расейскі кантэнт, у нас няма сяброў, з якімі ён мог бы камунікаваць па-расейску, і сама гутару з ім толькі па-беларуску. Са мной ён таксама мусіць гаварыць толькі па-беларуску.

«НН»: Яму хапае ў вашай асобе беларускамоўнай суразмоўцы?

КХ: Так. Мы з ім не проста размаўляем па-беларуску, кожны вечар мы чытаем адно аднаму кнігі, і я навучыла яго пісаць па-беларуску. Чытаем усё што заўгодна: казкі, фэнтэзі, кнігі па гісторыі. Напрыклад, на дадзены момант я яму чытаю «Зніч ваўкалака» Валерыя Гапеева, а ён мне — «Хронікі Нарніі».

«НН»: Вам дастаткова для выхавання дзіцяці таго беларускамоўнага кантэнту, які цяпер існуе?

КХ: Цяпер ёсць мінімальная колькасць фільмаў і мультфільмаў, якія перакладаюцца на беларускую мову. Калі ўсяго будзе яшчэ больш, гэтае пытанне не будзе паўставаць.

Не варта чакаць, што хтосьці прыйдзе і зробіць, трэба браць тое, што ёсць, калі людзі хочуць вывучыць беларускую. Плюс цяпер у вольным доступе ёсць шмат добрых аўдыякніг на любы густ.

Іншае пытанне, наколькі гэта ўсё якаснае. Калі мы з сынам чытаем кнігу і я бачу памылку, адразу кажу яму — маўляў, гэта няправільна. Вучу яго, як мусіць быць правільна па літаратурнай норме, або тлумачу, калі мы сустракаем нейкі дыялектны выраз. Памылак, на жаль, хапае.

«НН»: Без чаго дзіця не выхаваць па-беларуску?

КХ: Мне здаецца, самае галоўнае — гаварыць і чытаць па-беларуску. І гэта спрыяе кантакту з дзіцем: вы чытаеце кнігу разам і абмяркоўваеце, як ён рэагуе на героя, я яму выказваю свае думкі і пачуцці, ён мне — свае. 

Калі ёсць такая сям’я, як у нас, дзе разам беларуска і аўстрыец і ў сям’і актыўныя дзве мовы, важна выконваць правіла. Калі матуля гутарыць з сынам па-беларуску, ён мусіць адказваць толькі па-беларуску.

Вельмі шмат ёсць прыкладаў, калі матуля ці тата не патрабуюць ад дзіцяці адказваць па-беларуску, у школе малы вучыць, напрыклад, нямецкую мову, вакол усё нямецкамоўнае, і дзіцяці прасцей гутарыць па-нямецку, тым больш што матуля і так усё зразумее. У нас таксама была сітуацыя, што сын пачаў выкарыстоўваць вельмі шмат нямецкіх словаў, і я сказала яму: у нас правіла, што ты са мной гутарыш толькі па-беларуску. 

«НН»: Хто вы па адукацыі, ці звязаная ваша адукацыя з беларушчынай?

КХ: У мяне эканамічная адукацыя. На мой погляд, гэта не важна, мне трэба было проста адчуць — я беларуска і мушу валодаць беларускай мовай. Тады і падцягваюцца веды: я пачынаю чытаць па-беларуску, даведваюся, хто нашы сучасныя пісьменнікі і што пішуць для дзяцей, як яны пішуць. Каб даць рады, мушу ведаць беларускую мову, значыць, мне трэба гартаць слоўнікі і граматыку, каб правільна гаварыць і ставіць маўленне. То-бок трэба пастаянна паглыбляць веды ў беларускай мове, бо яна неймаверна багатая і цікавая. Для мяне беларуская мова гучыць вытанчана шыкоўна, яна ні на што больш не падобная з-за маўлення. 

Але не скажу, што я вельмі добра ведаю ўсё датычна беларушчыны ці нашай гісторыі.

Мне проста было важна адчуць сябе беларускай, а без беларускай мовы гэта было немагчыма. Да пераезду ў Аўстрыю і ўсведамлення сябе беларускай я была ментальна рускім чалавекам, проста мела беларускі пашпарт і жыла на тэрыторыі Беларусі. Але гутарыла па-расейску, глядзела фільмы на расейскай мове і чытала на ёй кнігі, захаплялася ўсім расейскім. 

Проста немагчыма адчуць сябе беларусам, калі ўвесь час сядзець у расейскай інфармацыйнай прасторы, гэта нейкая шызафрэнія. Мы і так унутры падзеленыя ўжо шмат стагоддзяў, варта вяртаць сабе цэльнасць. Калі я нарэшце зразумела, што я — беларуска і мушу ў першую чаргу карыстацца ўсім беларускім, я стала цэльным чалавекам, адчула, што ў мяне ўнутры ёсць стрыжань.

Цяпер беларускае ў мяне ў цэнтры, і ўсе астатнія мовы вакол яе, а не як раней, калі я круцілася вакол расейскай інфапрасторы. Гэта дало мне вельмі шмат сіл, я раней не адчувала такую моц.

«НН»: Выхоўваць дзіця па-беларуску — гэта патрабуе нейкіх выдаткаў часу?

КХ: Калі дзіця трэба перавучыць з іншай мовы на беларускую, хопіць проста жадання бацькоў. Не хочаце самі шукаць беларускі кантэнт — папрасіце ў сацсетках, каб вам далі спасылкі на такі кантэнт. Цяпер безліч сайтаў з беларускімі фільмамі і мульцікамі, шмат кніг па-беларуску на любы густ. Не паспяваю іх чытаць, у мяне толькі для дзяцей і падлеткаў каля 400 кніг.

Мне неяк казалі, што я пазбавіла дзіця расейскай мовы. Адказала, што, калі захоча, яму будзе вельмі лёгка яе вывучыць на базе беларускай мовы. Проста ў нас, на жаль, большасць людзей добра ведае толькі расейскую мову, а беларускай валодае меншасць. 

«Не пераходжу на абмеркаванне асобы, стаўлюся да людзей з павагай, і гэтага, напэўна, не хапае беларусам»

«НН»: Вы шмат пішаце пра беларускую мову ў сацсетках. Што матывуе вас гэта рабіць?

КХ: Жадаю дзяліцца ведамі. Мне вельмі не падабаецца слова «беларускамоўны», бо мы ж не кажам на расейскае ці польскае, што гэта расейскамоўнае ці польскамоўнае, але датычна таго, што на беларускай мове, мы чамусьці кажам «беларускамоўнае». Часам я задумваюся пра такія пытанні, і ў гэтым выпадку мне важна разабрацца. Каб прывесці свае думкі ў лагічны парадак, я пішу допісы ў сацсетках.

Людзі сталі на іх адгукацца, нехта са мной згаджаецца, нехта — не. Але людзі вельмі ўдзячныя, асабліва ў твітары, за падказкі па беларускай мове, то-бок людзі імкнуцца пісаць і гаварыць правільна. Часам мне пісалі, што да маіх допісаў не задумваліся пра гэтыя пытанні, пра такія выразы ці праблемы моўнай дыскрымінацыі.

Але нядаўна зразумела, што ў некаторых момантах паўтараюся, а мне б гэтага не хацелася. Таму пакуль што закрыла старонку ў фэйсбуку і рэдка пішу ў іншых сацсетках.

У твітары людзям часта патрэбныя падказкі, як правільна. Да прыкладу, у расейскай мове ёсць слова «вдвоём», а па-беларуску выкарыстоўваем розныя словы ў залежнасці ад полу. Калі гэта дзве жанчыны, будзе слова «ўдзвюх», калі мужчыны — «удвух», жанчына і мужчына — «удваіх». Людзі часам блытаюць такія рэчы.

Часам кажуць, маўляў, вельмі шмат пішуць пра беларускую мову, але ж гэтага ніколі не будзе шмат, тым больш у параўнанні з матэрыяламі пра іншыя мовы. Любы, хто хоча дзяліцца ведамі, можа гэта рабіць, заўсёды знойдуцца тыя, каму будзе цікава. 

Думаю, людзей асабліва прываблівае, што я пішу вельмі ветліва. Не пераходжу на абмеркаванне асобы, стаўлюся да людзей з павагай, і гэтага, напэўна, не хапае беларусам. Таксама пішу, калі бачу нейкія памылкі ў кнігах: «Калі вы будзеце чытаць гэтую кнігу, звярніце ўвагу, што тут мусіць быць вось так». Тады, як мне здаецца, людзі запамінаюць правільны варыянт.

Па сінтаксісе і лексіцы мы ўсё больш і больш рухаемся ў бок расейскай мовы, бо не хочам правяраць у слоўніках, як жа правільна, напрыклад, ужываць тое ці іншае слова. Я пастаянна гляджу такія рэчы і ўпэўненая, што да канца сваіх дзён буду даведвацца штосьці новае пра беларускую мову.

«НН»: Ці трапляеце ў сецевыя канфлікты?

КХ: Бывае. Але адказваю такім людзям ветліва — маўляў, калі вы будзеце працягваць пісаць мне ў хамскім стылі, мне давядзецца спыніць размову. Звычайна, калі чалавеку так напісаць, ён супакойваецца, выбачаецца і мы працягваем размову. Зразумела, што нельга спускацца да нізкага ўзроўню, бо яно нічога не дасць.

На жаль, мы не навучаныя культурна і ветліва камунікаваць. Мы не адчуваем, дзе пераходзім мяжу, што важна казаць людзям «калі ласка» і «дзякуй». 

Не бачу сэнсу ісці на канфлікт, бо гэта нічога не дасць. Калі чалавек сам ідзе на канфлікт, бо яму штосьці не спадабалася, прашу ці спыніцца мне пісаць, ці супакоіцца і размаўляць са мной спакойна. А калі ідзе адкрытае прыніжэнне, проста блакую такіх людзей, бо бачу, што яны не жадаюць нешта даведацца, а хочуць мяне прынізіць. 

«НН»: Што для вас важней: дапамагаць беларускамоўным удасканальваць веданне мовы ці спрыяць таму, каб рускамоўныя беларусы пачыналі гутарыць па-беларуску?

КХ: Не можа быць беларускамоўных беларусаў, беларусы ўжо з беларускай мовай. У дадатак яны могуць ведаць якую заўгодна мову — расейскую, польскую, англійскую, украінскую ці нейкую іншую.

А ёсць рускія, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі і маюць беларускае грамадзянства, але не хочуць ведаць нічога беларускага.

Таму не ведаю, як можна казаць пра рускамоўных беларусаў, бо беларусы ўжо мусяць ведаць беларускую мову, хаця і могуць не заўжды ёй карыстацца. 

На мой погляд, беларусы як нацыя — цудоўныя, і я вельмі хачу, каб мы такімі і захаваліся. І каб мы засталіся менавіта з беларускай мовай, не расплыліся і не сталі часткай расейцаў. Няпраўда, што можна застацца сабой з расейскай мовай, гэта самападман, асабліва калі мы знаходзімся ў такой агрэсіўнай расейскай арбіце ўплыву. 

Ніхто ж не забараняе беларускую мову. Сістэма не дазволіць, каб у нас была толькі беларуская дзяржаўная мова, але калі дадаць да яе расійскую, то колькі заўгодна. І калі вы хочаце, каб насамрэч было дзве дзяржаўныя мовы, то іх паўсюль мусіць быць дзве. Расейскую мову вы і так можаце выкарыстоўваць, але яна не абавязкова мусіць быць галоўнай і дзяржаўнай.

Чытайце таксама:

«Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»

Слоўнік брыдкаслоўя. Беларуская мова, якая шакуе і абражае

Легендарную «Бярозку» канчаткова русіфікавалі

Вера Белацаркоўская