«Я не ведаю, хто і каго выбірае». Праўладны святар Андрэй Лемяшонак спадзяецца, што замест яго нехта прагаласуе
«Ці трэба праваслаўнаму чалавеку ўдзельнічаць у выбарах?» — спыталі ў праўладнага святара Андрэя Лемяшонка падчас традыцыйнай «Гутаркі з бацюшкам». Высветлілася, што, нягледзячы на ўсю дзяржаўную прапаганду, нават ён не ведаў, калі і якія выбары. Але цікавы адказ даў.
21.02.2024 / 10:00
Святар Андрэй Лемяшонак. Скрыншот відэа на YouTube-канале Свята-Елісавецінскага манастыра
— Я не агітатар. Гэта зараз будуць выбары? Шчыра кажучы, я не ведаю, хто і каго выбірае. У мяне проста няма сілаў даведацца.
У нейкі момант, здаецца, святар зразумеў, што атрымліваецца не вельмі ідэалагічны адказ, і паспрабаваў выруліць на больш ухвалены дзяржавай шлях.
— Ну, можа, калі мы грамадзяне, калі мы паўдзельнічаем, дык гэта добра…
Нейкая сумленная грамадзянка з залы вырашыла дапамагчы бацюшку і пачала гучна казаць:
— Канешне, трэба ўдзельнічаць!
Лемяшонак дапамозе ўзрадаваўся:
— Вось, Лена кажа, што трэба ўдзельнічаць. Паслухаем разумных людзей. Толькі трэба ж ведаць, за каго галасаваць.
Нябачная Лена, акрыленая поспехам, вырашыла працягнуць:
— Усіх выкрасліць.
Такія ідэі бацюшку крыху напалохалі:
— Усіх выкрэсліваць не трэба. Гэта няправільна. Гэта ўжо не ўдзельнічаць, гэта пратэставаць. Гэта ўжо… вы што, апазіцыянер?! Не? Глядзіце мне. Царква за.
Але далей Лемяшонак пачаў несці крамолу сам: ён выказаў спадзяванні, што замест яго нехта на выбарах птушачку паставіць, бо ў святара нядзеля — гэта вельмі складаны і напружаны дзень.
Адказваючы на іншае пытанне, бацюшка прызнаўся: да 2020 года ён ніколі не галасаваў на выбарах.
— Я прачнуўся ранкам, а ўнутры мне Бог кажа: «Табе зараз трэба ісці і галасаваць за прэзідэнта».
Я ўвогуле не разумеў, што са мной адбылося. Пасля толькі зразумеў. І ў мяне не было ні кроплі сумневу. Гэта не маё нейкае рашэнне. Проста мне бог паказаў: цяпер вельмі небяспечны час і ты павінен не сыходзіць у такую апалітычнасць, што «я за мір». Усё гэта словы, прытым пустыя словы.
Пра тое, ці забараняў гэты ўнутраны голас фатаграфаваць бюлетэнь, святар удакладняць не стаў.
Чытайце таксама:
Святар Лемяшонак назваў расійскіх акупантаў мучанікамі, а свой манастыр — малітоўнай «крэпасцю» Русі
Праўладны святар адказаў, што рабіць, калі твая нявеста онліфаншчыца