Фінскі канцэрн Olvi хоча прадаць «Лідскае піва», а не можа

Olvi вымушаная працягваць працу ў Беларусі ў «значнай нявызначанасці».

20.02.2024 / 13:58

У сваёй гадавой справаздачы фінскі вытворца піва і напояў Olvi адзначыў, што, нягледзячы на папраўкі ў заканадаўства, кампанія па-ранейшаму не мае дазволу на продаж акцый сваёй даччынай кампаніі ў Беларусі, пішуць «Беларусы і рынак».

«Нягледзячы на папраўкі, унесеныя ў заканадаўства, якое забараняе продаж кампаній з замежным удзелам у Беларусі, забарона на продаж акцый даччынай кампаніі Olvi застаецца ў сіле, і зараз у Olvi няма дазволу на продаж акцый», — гаворыцца ў справаздачы групы за студзень-снежань мінулага года.

У 2022 годзе Olvi на фоне пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне абвясціла пра спыненне экспарту піва і напояў на расійскі рынак і намерах прадаць свой беларускі актыў — «Лідскае піва». Улетку таго ж года «Лідскае піва» было ўключана ўрадам Беларусі ў пералік замежных актываў, абмежаваных да продажу.

Больш за тое, у другім квартале 2023 года пасля спецыяльнай праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю на «Лідскае піва» быў накладзены штраф 12,2 млн еўра.

Фіны яго заплацілі і абвясцілі, што здымаюць з парадку дня перамовы аб магчымым продажы бізнесу ў Беларусі. Як адзначана ў справаздачы, «Беларуская даччыная кампанія Olvi працуе за кошт уласнага фінансавання». За кошт яе даходаў у 2023 годзе былі ажыццёўлены «замяшчальныя інвестыцыі, неабходныя для бесперапыннасці вытворчасці». Іх сума склала 2 млн еўра.

У сярэдзіне кастрычніка 2023 года Аляксандрам Лукашэнкам быў падпісаны ўказ, які змяніў умовы адчужэння ўласнасці для кампаній з капіталам з недружалюбных краін. У прыватнасці, у адпаведнасці з ім пры продажы бізнесу ўласніка абавязалі пералічваць у казну 25% ад аб'ёму ўгоды. Але, як вынікае са справаздачы Olvi, для асобных інвестараў, якія жадаюць прадаць бізнэс, указ не адмяняе неабходнасць выключэння з «чорнага спісу». Якога можа і не здарыцца.

І таму Olvi вымушаная працягваць працу ў Беларусі ў «значнай нявызначанасці». Якая, у сваю чаргу, абумоўлена» паслабленнем абменнага курсу, непрадказальнасцю аперацыйнага асяроддзя і мясцовага заканадаўства, гандлёвымі санкцыямі і функцыянаваннем фінансавых аперацый з краінамі Захаду».

Па выніках мінулага года пры росце продажаў піва (+8,7% да 2022 года) у фізічных аб'ёмах, у грашовым выражэнні беларускі бізнес Olvi ўпершыню за многія гады асеў на 2,1% — да 135,3 млн еўра.

У цэлым жа продажы групы выраслі на 8% і склалі 630,6 млн еўра. Прыбытак павялічыўся нават на 411,2% — да 38,5 млн еўра.

Чытайце таксама:

Па ўсёй Беларусі сталі менш спажываць пладова-ягадных вінаў. Акрамя аднаго рэгіёна

Што рабіць, калі ў цябе чырвоны твар?

Беларусы сталі піць менш гарэлкі і піва

Nashaniva.com