Додзік прыехаў у Беларусь
Беларусь 17-19 лютага з рабочым візітам наведвае дэлегацыя Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны на чале з прэзідэнтам Міларадам Додзікам. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
18.02.2024 / 11:00
Міларад Додзік
Паводле дзяржагенцтва, запланаваны «насычаны парадак візіту, шэраг сустрэч і перагавораў, наведванне шэрага прамысловых прадпрыемстваў, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ДУ «Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі і транспланталогіі».
У часе візіту абмяркуюць пытанні развіцця гандлёвых сувязяў, узаемадзеяння ў сферах прамысловасці, аховы здароўя, навукі і адукацыі, пашырэння двухбаковай дагаворна-прававой базы, піша дзяржагенцтва.
Боснія і Герцагавіна складаецца з дзвюх частак — Федэрацыі Босніі і Герцагавіны (яе насельніцтва — пераважна баснійцы-мусульмане і харваты) і Рэспублікі Сербскай. Калі першая арыентаваная перадусім на Захад, то ў Рэспубліцы Сербскай, якой кіруе Міларад Додзік, моцныя прасербскія і прарасійскія настроі. Неабходнасцю трымаць раўнавагу паміж гэтымі часткамі тлумачыцца непаслядоўнасць дзяржаўнай палітыкі Босніі і Герцагавіны. Абвастрэнне міжнацыянальных адносін у гэтым рэгіёне ў першай палове 1990-х гадоў мела вынікам крывавую вайну з прыкметамі генацыду.
Чытайце таксама:
У Славакіі прапанавалі аднавіць сяброўства з Беларуссю
Лукашэнкаўская Беларусь назбірала кампліментаў ад славацкіх прарасійскіх палітыкаў
Славакія аднавіла супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы культуры