Абвешчаны лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова
У Вільні ў пятніцу пачаўся трохдзённы міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце». Учора было абвешчана імя лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова за 2023 год.
17.02.2024 / 08:28
Ім стаў паэт Усевалад Сцебурака з фармулёўкай: «За развіццё і захаванне нацыянальных літаратурных традыцый, за адметны стылістычна-інтанацыйны лад лірыкі, за мастацкую вымалёўку канцэпту гістарычнай памяці», паведамляе ў сваім тэлеграм-канале «Суполка беларускіх пісьменнікаў».
Усевалад Сцебурака. Фота: Суполка беларускіх пісьменнікаў
Згодна са статутам прэміі, галоўным прызам для лаўрэата становіцца выданне кнігі выбранага — сёлета гэта кніга Усевалада Сцебуракі «Беларускія зоркі», у якую ўвайшлі новыя і найлепшыя вершы, пераклады, проза і эсэ аўтара.
Літаратурная прэмія імя Міхася Стральцова ўручаецца журы на чале з Аленай Стральцовай (удавой пісьменніка) з 2018 г. Яе лаўрэатамі сталі: Алег Мінкін, Анхела Эспіноса Руіс, Анатоль Вярцінскі, Наста Кудасава, Антаніна Хатэнка, Юрась Пацюпа.
Чытайце таксама:
Някляеў, Аксак, Арлоў, Хадановіч і Строцаў. Што чакаць у гэтым годзе ад фэсту «Вершы на асфальце»
На Віленскім кніжным кірмашы ўпершыню будзе арганізаваны беларускі стэнд