«Скажу пра сціпласць беларусаў — мы былі голыя, а ён не паглядзеў на мае цыцкі». Дзяўчаты — пра нестандартныя спатканні

Беларускі згадалі найбольш цікавыя і дзіўныя спатканні з хлопцамі з тындара.

17.02.2024 / 20:02

Паліна і Яна ў выпуску ютуб-праекта «Максімальна» падзяліліся сваімі гісторыямі спатканняў праз дадатак Tinder, які з 15 лютага сышоў з Беларусі.

Спатканне з блізнятамі

Яна згадвае крынджовае спатканне, якое адбылося ў Мінску ў 2019 годзе. У тындары з ёй пазнаёміўся хлопец. Паперапісваліся, сустрэліся, пасля пасварыліся.

Яна. Скрын відэа maksimalno / YouTube

«Я запомніла яго імя — Антон. Прайшоў яшчэ нейкі час. Ужо пачалася вайна. Мне было вельмі сумна, бо ўсе сябры з'ехалі. Я гартаю тындар і бачу там гэтага хлопца. Але штосьці ён не Антон. Я яго лайкнула. Ён лайкнуў мяне, напісаў: «Прывет, прыгажуня». Я так думаю: «А чаму ты не Антон?» Спытала. Ён патлумачыў, што ён Артур, а Антон — яго брат-блізнюк.

І тут да мяне даходзіць, што малады чалавек, з якім я перапісвалася спачатку і не сустрэлася, і той, з якім сустрэлася — розныя людзі. Я праверыла па «Укантакце». Сапраўды, гэта два браты, якія выглядаюць аднолькава. Яны жылі ў адным пакоі, удвух працавалі ў «Дода Піца» і ўвесь месяц смяяліся з мяне.

Я дагэтуль не веру, што гэта два чалавекі. Я потым паглядзела, што ў іх розныя тату, розная стылістыка. Але навошта яны робяць аднолькавыя фоткі ў тындары? Як дзве лепшыя сяброўкі, што пайшлі ў кавярню і робяць тыя ж самыя здымкі. Дык і яны такія ж самыя.

Як я магла зразумець, што гэта два розныя чалавекі? Пасля гэтага я выдаліла тындар на нейкі час, вырашыла, што мне хопіць на гэты момант».

Спатканне з мужчынам, на 20 гадоў старэйшым

Паліна распавяла пра спатканне падчас адной са сваіх паездак на канікулы з Польшчы ў Беларусь.

«Я прыехала на зімовыя канікулы. Мне было 20 гадоў. Пазнаёмілася з сімпатычным мужчынам, які на 20 гадоў за мяне старэйшы. Мы сустрэліся з чаканым завяршэннем. Зразумела, гэта было на адну ноч, бо я не шукала сурʼёзных адносін у тындары на канікулах у Беларусі. Спатканне было класным. Усё было рамантычна і прыгожа.

Паліна. Скрын відэа maksimalno / YouTube

Ранкам прыйшлі на кухню. Сядзім, пʼём віно. Ён сядзіць нейкі сумны. Глядзіць у адну кропку. Я спытала, чаму ён задумаўся. Ён на мяне паглядзеў і сказаў: «Вось я на цябе гляджу. А ты мне маю дачку нагадала». Я задалася пытаннем, у якім месцы і ў які момант я яму нагадала дачку і чаму ён вырашыў сказаць мне пра гэта пасля сэксу.

Я хацела б сказаць, што пасля гэтага перастала сустракацца з дарослымі мужчынамі. Але не перастала».

Спатканне ў сауне

Яна распавяла пра першае спатканне ў сауне. «Аднойчы ў мяне ўзнікла ідэя запрасіць хлопца на першае спатканне ў варшаўскую сауну, дзе ўсе голыя. Мы дамовіліся сустрэцца каля сауны.

І скажу пра сціпласць беларусаў — ён не паглядзеў на мае цыцкі. А я паглядзела на ўсё.

Мне было вельмі клёва. На мой погляд, гэта клёвы фармат адкрытасці людзей. Трэба быць упэўненым у сабе, каб пайсці ў сауну на першае спатканне».

Разам з гэтым, дзяўчына згадвае, што быў момант некамфортнасці. Але не з-за хлопца. У той дзень у сауне ўвогуле не было дзяўчат.

Чытайце яшчэ:

«Дырэктар спадзяваўся, што я буду хадзіць на спатканні з канкурэнтамі». Жанчыны — пра найгоршыя сумоўі

Расійскі студэнт з дапамогай штучнага інтэлекту знайшоў сабе дзяўчыну. Гісторыя дайшла да прапановы шлюбу

«Усё здарылася, мы далікатна развіталіся, і я сышоў». Беларусы расказалі пра свой досвед сэксу па-сяброўску 

Nashaniva.com