Ізраіль знайшоў камандны пункт ХАМАС у тунэлі пад штаб-кватэрай ААН
Армія абароны Ізраіля выявіла тунэль і штаб ХАМАС пад галоўным будынкам Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізацыі работ (UNRWA) у сектары Газа. Пра гэта паведаміў ЦАХАЛ у суботу, 10 лютага.
11.02.2024 / 08:52
Штаб-кватэра UNRWA знаходзіцца ў горадзе Газа, сярод паўночных раёнаў, якія ізраільскія войскі і танкі захапілі ў пачатку чатырохмесячнай вайны супраць кіруючай ісламісцкай групоўкі ХАМАС.
ЦАХАЛ правёў экскурсію для журналістаў. Уваход у шахту знаходзіўся побач са школай каля комплексу ААН. Па словах падпалкоўніка арміі, які праводзіў экскурсію, дваццаць хвілін хады па душнай спякоце, вузкім і месцамі звілістым праходам прывялі іх пад штаб-кватэру UNRWA.
Тунэль, даўжыня якога, па словах вайскоўцаў, складала 700 метраў, а глыбіня — 18 метраў, месцамі раздвойваўся, утвараючы бакавыя пакоі. Там было офіснае памяшканне са сталёвымі сейфамі, якія былі адкрыты і пустыя. Адно памяшканне было запоўненае кампʼютарнымі серверамі, іншая — прамысловымі акумулятарнымі батарэямі.
Па словах ізраільскіх вайскоўцаў, электраэнергія ў тунэлі падавалася менавіта са штаб-кватэры ААН.
ЦАХАЛ лічыць, што гэта быў адзін з цэнтральных камандных пунктаў разведкі ХАМАС.
У сваёй заяве UNRWA паведаміла, што вызваліла штаб-кватэру 12 кастрычніка, праз пяць дзён пасля пачатку вайны, і таму «не можа пацвердзіць ці іншым чынам пракаментаваць» ізраільскую знаходку.
ААН пачало ўнутранае расследаванне, а шэраг краін-донараў замарозілі фінансаванне UNRWA з-за абвінавачанняў Ізраіля, што некаторыя з супрацоўнікаў ААН адначасова зʼяўляюцца баевікамі ХАМАСа.
Палестынцы абвінавацілі Ізраіль у фальсіфікацыі інфармацыі з мэтай запляміць UNRWA, якое забяспечвае працай 13000 чалавек у Сектары Газа і ўжо шмат гадоў зʼяўляецца выратавальным кругам для насельніцтва, якое залежыць ад дапамогі. Агенцтва кіруе школамі, клінікамі першаснай медыцынскай дапамогі і іншымі сацыяльнымі службамі, а таксама размяркоўвае дапамогу, апісваючы сваю дзейнасць як выключна гуманітарную.
Чытайце таксама:
Вярхоўны лідар Ірана аддаў загад пазбягаць прамога канфлікту з ЗША
Траіх ізраільцян ужо некалькі дзён трымаюць у ізалятары мінскага аэрапорта. Што адбываецца?
Ізраільцяне забілі трох баевікоў ХАМАС у шпіталі на палесцінскай тэрыторыі